Магілёўскія актывісты АГП вырашылі змагацца з Дэкрэтам №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» з дапамогай новаабранага парламента.

4 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі


У лістах са зваротамі плануецца сабраць дзясяткі подпісаў, пасля чаго іх накіруюць кожнаму дэпутату парламента з магілёўскіх акругаў – Аляксандру Старавойтаву, Ігару Марзалюку, Вользе Петрашовой, Пятру Салаўёву і Анатолю Хишчанка.

Па словах лідэра АГП па Магілёўскай вобласці Уладзіміра Шанцава, так званы дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» парушае адразу пяць артыкулаў Канстытуцыі і таму павінен быць адменены.

«Абсурднасць Закона (Дэкрэта – заўв. рэд.) яшчэ і ў тым, што на момант падпісання ўлада налічыла 400 тысяч непрацуючых у краіне, а колькасць вакансій у цэнтрах занятасці не перавышала 20 тысяч. Сітуацыя прыкладна тая ж і цяпер. Гэта значыць, дзяржава можа забяспечыць толькі 5% непрацуючых нізкакваліфікаванай працай.

Акрамя таго, дзяржава па Канстытуцыі абавязана выплачваць непрацуючым дапамогу па беспрацоўі, а не патрабаваць, каб было наадварот, каб непрацуючыя плацілі дзяржаве. У сувязі з гэтым мы патрабуем адмяніць вышэйзгаданы Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства, – гаворыцца ў тэксце звароту.

Акрамя канкрэтных крокаў па адмене падатку на дармаедства, магілёўскія актывісты АГП чакаюць таксама справаздачы кожнага дэпутата аб праведзенай рабоце ў гэтым кірунку.