Няякаснай ежай кармілі нават дзяцей.
Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці разам з органамі санітарнага нагляду выявіў, што ў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы і ў Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай дапамогі кармілі пратэрмінаванымі прадуктамі.
Віна за гэта ляжыць на прадпрыемстве «Дыета», якое валодае правам забяспечваць харчаванне хворых ва ўстановах аховы здароўя Магілёва.
Як адзначаецца ў прэс-рэлізе Камітэта дзяржкантролю, на які спасылаюцца «Магілёўскія ведамасці», у дзіцячай бальніцы выяўлена згушчанае малако, шакалад, каўбаса і тварожная паста са скончаным тэрмінам прыдатнасці.
У бальніцы хуткай дапамогі ў буфеце кармілі шніцалямі, якія былі зробленыя з пратэрмінаваных курыных кумпячкоў. У санітарнага нагляду таксама былі прэтэнзіі да захавання санітарных норм і да працэдуры падрыхтоўкі іншай ежы.
Пратэрмінаваная прадукцыя знайшлася нават у магілёўскім медвучылішчы – у кафэ «Окей», якое размешчана непасрэдна ў будынку ўстановы адукацыі.
КДК накіраваў адпаведныя прадпісанні ў адміністрацыю горада і вобласці.