Старшыня гарвыбаркама Алена Бальшакова разам з яе намеснікам Таццянай Касаткінай кіруюць выбарамі ўжо каля 10 гадоў.
24 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Здымак – старонка Алены Бальшаковай у Аднакласніках
24 лістапада ў Магілёўскім гарвыканкаме адбылося першае пасяджэнне гарадской камісіі па выбарах у дэпутаты мясцовых Саветаў Рэспублікі Беларусь.12 членаў выбаркама абралі свайго лідэра, яе намесніка і сакратара.
У чарговы раз камісію ўзначаліла дырэктар МДКУП ЦГІС Алена Бальшакова, якая ў 2006, 2010 і 2014 гадах была сябрам і старшынёй Магілёўскай гарадской выбарчай камісіі. Пасля абрання яна ў першую чаргу павіншавала іншага члена камісіі Анатоля Чумакова з 60-гадовым юбілеем.
Яе намеснікам стала намеснік дырэктара КУП ЖРЭУ Ленінскага раёна Таццяна Касаткіна. Новы кіраўнік ахарактарызавала яе як «чалавека, з якім яны правялі не адну выбарчую кампанію».
– Больш за дзесяць гадоў мы ўдзельнічаем ва ўсіх кампаніях, якія ў нашым горадзе праводзяцца, – распавяла Бальшакова.
Міхаіла Свірыдзенку, які працуе начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы гарвыканкама, абралі сакратаром.
Усе кандыдатуры былі адобраны аднагалосна.Нікога іншага члены камісіі не вылучалі.
Пасля гэтага былі ўтвораны і зацверджаны выбарчыя акругі.У Ленінскім раёне іх будзе 22 (з 1 па 22), у Кастрычніцкім – 18 (з 23 па 40).
Гарвыбаркам таксама прыняў план працы, які прапанаваў ЦВК.Паводле яго, у буднія дні камісія будзе працаваць з 10 да 14 і з 15 да 19 гадзін, а ў суботу – з 10 да 14. Нядзеля засталося выходным днём.
Усе паседжанне доўжылася 13 хвілін.Прысутнічалі ўсе, акрамя выхавальніка абласнога кадэцкага вучылішча Міхаіла Ендржыеўскага.