Што мы даведаліся пра нашых гараджан на прэзентацыі манаграфіі гісторыкаў Ігара Пушкіна і Аляксандра Агеева “Фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага камітэта 1917-1918”?
28 красавіка. Магілёў. Ратуша. Алесь Святліцкі
28 красавіка ў Ратушы магілёўскія гісторыкі Аляксандр Агееў і Ігар Пушкін прадставілі манаграфію, прысвечаную “першай нацыяналістычнай арганізацыі, якая прызнала Беларускую народную рэспубліку” – Магілёўскаму Беларускаму камітэту.
На прэзентацыю сабралося больш за паўсотні чалавек – прадстаўнікоў палітычных і грамадскіх арганізацый, навукоўцаў, літаратараў і студэнтаў.
Адын з асобнікаў кнігі быў разыграны на аўкцыёне: з пачатковай цаны ў 10 рублёў кошт манаграфіі вырас да 100 рублёў – шчадрэй за астатніх быў Віталь Васількоў, які набыў кнігу для бібліятэкі грамадскага цэнтра “Кола”.
Падчас самой прэзентацыі Агееў і Пушкін сцісла распавялі пра падзеі таго часу. Некаторыя з іх па-сапраўднаму здзіўляюць:
1
Беларускі Магілёўскі камітэт – першая нацыяналістычная арганізацыя на тэрыторыі Беларусі, якая мела рэгістрацыю і нават сваю пячатку. Была створана 31 сакавіка 1917 года падчас сходу магілёўцаў. У сходзе ўзялі ўдзел 400 чалавек. Стварэнне БМК дзіўна яшчэ і таму, што беларусаў – тытульнай нацыі – у Магілёве на той час пражывала не больш за 17%. Большую частку насельніцтва складалі габрэі, было таксама шмат палякаў, літоўцаў і рускіх. Аднак стварэнне БМК падтрымалі практычна аднадушна – у тым ліку габрэйскія прафсаюзы і нацыянальныя меншасці.
2
На першых дэмакратычных выбарах у гарадскую Думу ў жніўні 1917 года нядаўна створаны БМК узяў 6 месцаў з 64, здолеўшы стварыць сваю фракцыю і аказваючы значны ўплыў на рашэнні, што прымаліся мясцовым заканадаўчым органам.
3
Беларускі Магілёўскі камітэт прапанаваў першую праграму па выкладанню гісторыі беларускага народа ў навучальных установах. Як адзначыў Ігар Пушкін, у складзе БМК былі добрыя менеджэры, якія пераканалі некалькі навучальных устаноў ўзяць праграму і выкладаць па ёй.
4
Магілёўцы 1917 года гаварылі на беларускай – толькі вельмі дзіўнай беларускай. Па словах Аляксандра Агеева, гэта была жудасная трасянка з беларускіх, польскіх і рускіх слоў. Пры гэтым у праграме БМК было выразна пазначана – адукацыя ў школах і інстытутах павінна весціся толькі на нацыянальнай мове. Аднак зрабіць з беларускай адзіную дзяржаўную мову Камітэт не імкнуўся, паколькі лічыў такі ход заўчасным.
5
Першы Усебеларускі З’езд (так, той сход, на якім упершыню заявілі пра неабходнасць незалежнасці для Беларусі) планаваўся зусім не ў Мінску. Паводле інфармацыі Агеева і Пушкіна, ён павінен быў адбыцца ў Магілёве ўлетку 1917 года. У выніку ён прайшоў на паўгады пазней – у снежні. Адзінае пытанне, якое абмяркоўвалася – палітычны лад маладой краіны.
6
Прадстаўнікі нацыянальных сілаў Беларусі таго часу з усходніх гарадоў – Воршы, Віцебска, Гомеля, Бабруйска і іншых – прапаноўвалі зрабіць Магілёў цэнтрам Беларусі, які пасля стане сталіцай. Пасля такая ідэя абмяркоўвалася толькі перад Другой сусветнай вайной ужо савецкай уладай.
7
Магілёўцы, якія ўваходзілі ў Беларускі Магілёўскі камітэт, лічыліся беларусамі толькі пры ўмове, калі тры калена іх сем’і называлі сябе такімі па маці ці бацьку. Калі чалавек мог гэта даказаць, ён лічыўся беларусам.
8
Сабраць матэрыялы пра Магілёў XVI стагоддзя прасцей, чым пра Магілёў 20-х – 30-х гадоў, паколькі большасць матэрыялу перад Вялікай айчыннай вайной знаходзілася не ў архівах, а ў дзяржаўных установах і папросту згарэла падчас баявых дзеянняў.