Вы іх ведаеце, а калі не – даведаецеся і палюбіце.

24 ліпеня. Магілёў. mspring.online


26 ліпеня ў тайм-кафэ “Неба” валанцёрская служба праваабарончага цэнтра “Вясна”, кінаклуб “цымус” і кінаклуб “451F” ладзяць кінапрагляд заключнай частцы документалкі “Чалавек”. Мы ідзем туды і раім вам зрабіць тое ж самае. Ну а потым вы можаце выдаткаваць парэшткі лета, пераглядаючы фільмы з нашага спісу. Дакументальных кінастужак аб правах чалавека вы і так знойдзеце звышдастаткова, таму мы засяродзіліся на топ-10 мастацкіх карцін, якія яшчэ і лёгка і прыемна глядзець.

“1984”, рэж. Майкл Рэдфард 1984 г.

Мабыць, з лёгка і прыемна мы пагарачыліся – фільм па аднайменнай антыўтопіі Джорджа Оруэла можа ўвагнаць калі не ў дэпрэсію, то ў сум дакладна. Змрочныя пейзажы, нездаровыя людзі, галеча, разруха і татальны кантроль уладаў над усімі аспектамі жыцця. У тым ліку над думкамі. Асабліва над думкамі. Хэпі энду тут няма і гэта добра – ты верыш таму, што ты бачыш, асабліва ў канцы. Выдатны гайд для чалавецтва пра тое, што будзе, калі дзяржава адмаўляецца ад захавання асноўных правоў чалавека.

“Жыццё Дэвіда Гэйла”, рэж. Майкл Паркер, 2003 г.

Дэтэктыўная гісторыя для тых, хто ўжо вырас з НТВшнага “глушца” (ці ніколі ў яго хаця б не ўрастаюць). Ёсць два актывісты, якія патрабуюць адмены смяротнага пакарання, потым аднаго з іх абвінавачваюць у згвалтаванні, а другую знаходзяць мёртвай. Першага садзяць і зараз яму пагражае смяротнае пакаранне, кхм, іронія лёсу. Усе спрабуе разруліць мясцовая журналістка, але атрымліваецца па выніку ўсё так сабе (але гэта не дакладна, трэба паглядзець фільм, каб пераканацца). Мабыць, адзін з лепшых мастацкіх маніфэстаў абаліцыянізма.

“Недатыкальныя”, рэж. Аліўе Накаш, Эрык Таледана, 2011 г.

Адзін з нешматлікіх фільмаў, у якім закрануты адразу некалькі праблем дыскрымінацыі. Багаты белы арыстакрат у інвалідным крэсле, якога, безумоўна, паважаюць і пры гэтым ставяцца з жалем. Сенегальскі імігрант з поўным пералікам стэрэатыпных праблем: наркотыкі, крымінал, адсутнасць працы і гэтак далей. У нейкі момант жыцця абодва сыходзяцца і пачынаюць прыглядаць адзін за адным. І, пра цуд, раптам аказваецца, што такія розныя людзі цалкам могуць пасябраваць. Фільм страляе адразу па расавай дыскрымінацыі і па стэрэатыпам пра людзей з інваліднасцю.

“Хлопчык у паласатай піжаме”, рэж. Марк Херман, 2008 г

Цудоўная гісторыя пра нянавісць, якую самі сабе прыдумляюць людзі. У адной мясцовасці жывуць два хлопчыкі. Іх падзяляе толькі калючы дрот – адзін з іх габрэй, які знаходзіцца ў канцлагеры, а другі – родны сын нацысцкага высокапастаўленага чыноўніка, які глыбока увабраў ідэі антысемітызму. Аднак хлопчыкам пакуль незразумелыя ідэалагічныя нагрувашчванні. Яны сябруюць і не бачаць асаблівай розніцы паміж імі і ў канцы прымаюць адзін лёс. Яскравая ілюстрацыя таго, што людзі роўныя – і часам дзеці разумеюць гэта лепш, чым дарослыя.

“Харві Мілк”, рэж. Гас Ван Сэнт, 2008 г

Мастацкая кінагісторыя аб першым адкрытым геі ў палітыцы, якому ўдалося дабіцца поспеху. Шмат у чым дзякуючы Харві Мілку ў ЗША, а потым і ў краінах Заходняй Еўропы пачаўся рух да талерантнага стаўлення да ЛГБТК. Сам рэжысёр карціны Гас Ван Сэнт называў гэтую стужку “маніфестам свабоды”, паколькі Харві Мілк сутыкаўся з дыскрымінацыяй не толькі як гей, але і як габрэй. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, ён прыйшоў да поспеху і прадэманстраваў меншасцям, як трэба змагацца за свае правы.

“Амерыканская гісторыя Х”, рэж. Тоні Кэй, 1998 г.

Калі б рэдакцыя mspring.online здымала б фільм пра расавую нянавісць, мы б проста перазнялі бы “Амерыканскую гісторыю” (памянялі б назву і праваліліся ў пракаце, да). 119 хвілін мастацкага даследавання нацызму і расавай дыскрымінацыі на прыкладзе самых адмарожаных скінхэдаў Дэні і Дэрэка Він’ярдаў. Фактычна гісторыя пра тое, як з-за хворай фантазіі, стэрэатыпаў у галаве і аднабоковай адукацыі людзі гатовыя шчыра забіваць іншых людзей. Кінакрытыкі добра прынялі гэты фільм – не толькі з-за выдатнага акцёрскага складу, але і таму, што ў яго дрэнны канец (для Галівуду канца 90-х гэта было ліха).

“Пінжак”, рэж. Джон Мэйбэры, 2005 г.

Трылер пра чалавека і яго правы, якія знікаюць адразу, як толькі ён трапляе ў псіхіятрычную бальніцу. Над ім здзекваюцца, ставяць эксперыменты, пакідаюць аднаго на доўгі час – амерыканскі фільм дае выдатнае прадстаўленне аб тым, як выглядае карная псыхіятрыя. Без сувязі з вонкавым шчасным светам вельмі лёгка стаць ахвярай чалавечай жорсткасці і абыякавасці. Збегчы няма куды, акрамя сваіх думак – туды і накіроўваецца галоўны герой. Выдатны прыклад таго, што можа адбывацца ў месцах несвабоды з людзьмі.

“Не жартуйце з Зоханом”, рэж. Дэніс Дуган, 2008 г

Рэдкая для нашага топу кінакамедыя ідэальна падыходзіць для сямейнага прагляду з дзецьмі, якія старэйшыя за 16. Плоскіх жартаў у фільме шмат, але часам атрымоўваецца пасмяяцца па-сапраўднаму. У асноўным- з вайны. Дакладней, шматгадовага канфлікту паміж габрэямі і арабамі, які высмейваецца самым нахабным спосабам. Галоўны герой – ізраільскі спецназавец з марай з’ехаць у Нью-Ёрк і працаваць цырульнікам, ягоны антаганіст – камічны араб-тэрарыст з сеткай закусачных. Абсурдны фільм пра абсурдную вайну добра павесяліць вас і лішні раз нагадае, што міжэтнічныя канфлікты – гэта глупства.

“Жыццё цудоўнае”, рэж. Раберта Бен’іні, 1997 г.

Адначасова прыгожы і сумны фільм пра сямейныя вузы, якія дазваляюць маленькаму хлопчыку выбрацца з канцлагера дзякуючы знаходлівасці яго бацькі. Прызам за выжыванне для хлопчыка стаў амерыканскі танк, а для гледачоў безумоўным прызам з’яўляецца сам фільм, у якім цудоўнае італьянскае пачуццё гумару адольвае бруд антычалавечай ідэалогіі. Чарговы мастацкі шэдэўр, у якім дэманструецца глупства прытрымлівання надуманым стэрэатыпам і сіла чалавечага жыцця і годнасці.

Форэст Гамп, рэж. Роберт Земекіс, 1994. г.

Шэдэўр, які сабраў шэсць “Оскараў” і які прынёс Таму Хэнксу сусветную славу. Усё проста – хлопчык з праблемамі ў развіцці не павінен быў нават ісці ў сярэднюю школу, але жыццё яго павярнулася так, што ён здолеў пабываць на ўсіх гістарычных падзеях свайго часу і дасягнуць поспеху. Усе, хто смяяліся над ім, у выніку змоўклі, ну а мы атрымліваем ўрок таго, што як бы не адрозніваўся “ад нормы” чалавек, у першую чаргу ён – чалавек.

Гэта, канешне, не поўны спіс – прапаноўвайце свае варыянты фільмаў у каментах пад гэтым матэрыялам.