Гэта замест таго, каб праводзіць «імітацыю выбараў у Палату прадстаўнікоў»
Больш за паўсотні гараджан падпісаліся пад зваротам прэзідэнту Расійскай федэрацыі і беларускаму Савету міністраў, у якім звярнулі ўвагу на даўгабуд у цэнтры Магілёва.
Узначаліў збор подпісаў актывіст Аляксей Паўлоўскі.
– Мы патрабуем жэстачайшэ прыняць меры ў дачыненні да нядбайных чыноўнікаў і дэпутатаў, па віне якіх больш за 20 гадоў кіраўніцтва Беларусі не знаходзіць часу завяршыць будаўніцтва ў Магілёве вучэбна-лабараторнага корпуса са спарткомплексам Беларуска-Расійскага універсітэта, – пазначылі сваю пазіцыю падпісанты.
Яны адзначаюць, што з-за халатнасці і разгільдзяйства мясцовых уладаў, у студэнтаў ВНУ адсутнічаюць годныя ўмовы для вучобы і заняткаў спортам.
– Незразумела, чаму рэзідэнцыі, «Лядовыя палацы», гандлёвыя цэнтры будуюцца паскоранымі тэмпамі, а сацыяльна значныя культурна-навуковыя збудаванні – дзесяцігоддзямі, – дзівяцца магілёўцы.
Паўлоўскі і кампанія спасылаюцца на тое, што ў пашпарце аб’екта дата ўводу пазначаная 2014 годам. Таксама прыводзіцца інфармацыя з афіцыйнага адказу Міністэрства адукацыі, па якім корпус БРУ павінен быў прыняць першых студэнтаў у 2015 годзе.
– Замест шматлікіх рэзідэнцый, палацаў і іншых, не патрэбных народу празмернасцяў, дарэчы было б сродкі накіраваць у патрэбнае народу рэчышча! Мы прапануем сродкі, прызначаныя для імітацыі выбараў у Палату Прадстаўнікоў ад Магілёўшчыны, накіраваць на заканчэнне будаўніцтва корпуса БРУ, – патрабуюць у сваім звароце магілёўцы.
Будаўнічыя работы пачаліся яшчэ ў 1993 г. Тады ўмацавалі Дзябранскі яр і часткова ўзвялі сцены падвала 9-павярховага будынка. У сярэдзіне 90-х гг. работы былі прыпыненыя і аднавіліся толькі ў траўні 2009 г. Быў заглыблены катлаван і падведзены інжынерныя сеткі. З тых часоў праца ідзе вельмі марудна і да гэтага часу корпус навучальнай установы далёкі ад свайго канчатковага выгляду.