Гэта першы ў Беларусі праект, у якім людзі з ментальнымі і фізічнымі хваробамі змогуць навучацца, прадаваць сваю прадукцыю і наведваць студыю прыгажосці.

30 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Прадпрымальніца Алеся Цумарава разам з бізнесмэнамі і прадстаўнікамі ўлады афіцыйна адкрыла «Тэрыторыю людзей» – творчы цэнтр для людзей з інваліднасцю.

Ён размясціўся па адрасе Першамайская, 20, злева ад уваходу ў краму «Магіляўчанка». Творчы цэнтр – гэта каля 100 квадратных метраў для крамы сувеніраў, якія стварылі людзі з інваліднасцю, і навучальны цэнтр. Адначасова на «Тэрыторыі людзей» змогуць навучацца 10-15 чалавек. Акрамя таго, пры дапамозе касметычнай кампаніі будуць адкрыты курсы навучання асновам візажа.

– Такога цэнтра навучання і адначасова крамы, які б спецыялізавалася на продажы сувеніраў з гісторыяй, у Беларусі няма, – распавядала mspring.online аўтар праекта Алеся Цумарава. Ёй самой ў 1981 годзе выставілі дыягназ «дзіцячы цэрэбральны параліч».

Ідэя «Тэрыторыі людзей» з’явілася пару гадоў таму. У 2017 годзе праект Цумаравай перамог на рэгіянальным конкурсе прадпрымальніцкіх ідэй бізнес-школы ІПМ.

На рэспубліканскім узроўні журы ацаніла «Тэрыторыю людзей» як лепшы сацыяльны праект.