Ці зменіцца да лепшага жыццё вязняў – залежыць ад актыўнасці грамадзян. МУС абмежавалася паўмерамі.
5 лістапада. Магілёў. Саша Мінько
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» атрымалі абнадзейваючы адказ з Дэпартамента выканання пакаранняў. Раней яны накіравалі заяву на імя міністра ўнутраных спраў з просьбай выключыць з Правілаў унутранага распарадку (ПУР) папраўчых устаноў патрабаванне, якое прадпісвае ўсталёўваць на вокны камер металічныя шчыты-жалюзі (“вейчыкі”), якія ператварылі беларускія СІЗА ў сярэднявечныя вязніцы.
УМОВЫ У СІЗА – ПА-ЗА ЗАКОНАМ
Праваабаронцы хочуць выключыць супярэчнасці ў беларускім заканадаўстве. Міліцэйскія Правілы ўнутранага распарадку груба парушаюць санітарна-гігіенічныя нормы і, адпаведна, правы грамадзян на здароўе, гарантаванае Канстытуцыяй. Акрамя таго, выкарыстанне металічных загароджаў, якія пазбаўляюць вязняў дзённага святла, супярэчыць Мінімальным стандартным правілам ААН у дачыненні абыходжання са зняволенымі.
Міліцэйскае кіраўніцтва прыняла дваякае рашэнне: металічныя шчыты-жалюзі пакуль не абвешчаныя па-за законам, але інжынерныя прыстасаванні на вокнах павінны мяняцца ў бок паляпшэння. Каменем перапоны стаў пункт 45 ПУР, які раней абвяшчаў:
“45. На вокны камер усталёўваюцца металічныя зварныя рашоткі, а пры неабходнасці – шчыты-жалюзі. З боку камер вокны прыкрываюцца кратамі, якія выключаюць доступ да шкла…”.
Цяпер жа сітуацыя некалькі змянілася. Намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь Андрэй Дайліда паведаміў праваабаронцам, што “згодна з пастановай МУС ад 18.07.2019 года №197 у першы сказ пункта 45 раздзелу 11 ПУР унесеныя наступныя дапаўненні “і іншыя альтэрнатыўныя інжынерныя загароджы, канструкцыя якіх дазваляе прапускаць у камеру натуральнае асвятленне і адначасова забяспечыць надзейную ізаляцыю“.
Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў адзначае, што далей усё будзе залежыць ад актыўнасці грамадзян. Трэба кантраляваць, як начальства СІЗА і турмаў будзе рэагаваць на змены ў Правілах – гэта значыць, колькі “вейчыкаў” будзе зрэзана і што з’явіцца замест іх.
У будучыні, адзначае ён, стаіць задача заканадаўча забараніць прымяненне такіх канструкцый, як металічныя шчыты-жалюзі, пра якія неаднаразова пісаў магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE
Характэрна, што Андрэй Дайліда спасылаецца на пастанову МУС №197, якая змяніла Правілы ўнутранага распарадку папраўчых устаноў яшчэ 18 ліпеня 2019 года. Знайсці яе сапраўды атрымалася, аднак Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь pravo.by апублікаваў яе толькі 24-га верасня . Змены ўступілі ў сілу з 25 верасня гэтага года.
АДЭКВАТНЫ МУС І НЕАДЭКВАТНАЯ ПРАКУРАТУРА
Перапіска паказала, як ні дзіўна, вельмі адэкватнае разуменне праблем з боку МУС і зусім бянтэжычы непрафесіяналізм работнікаў пракуратуры, сцвярджае Аляксандр Буракоў.
Беларуская пенітэнцыярная сістэма састарэла і маральна, і фізічна. Адказы, якія давалі чыноўнікі ДВП МУС на працягу паўгадавой перапіскі, паказвалі, што яны не супраць зменаў.
Але вось наглядны орган – пракуратура – раптам заняла супрацьлеглую пазіцыю.
Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал 24 верасня ўжо апублікаваў інфармацыю аб тым, што Міністэрства ўнутраных спраў унесла змяненні ва ўласную пастанову.
А пракурор Магілёўскай вобласці Аляксандр Чадзюк лістом ад 24 кастрычніка, гэта значыць, роўна праз месяц, напісаў у адказе праваабаронцам, што “абсталяванне камер магілёўскай турмы №4 адпавядае патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь“. А наступны яго абзац мы прывядзем цалкам:
“З улікам праведзеных праверак, заключэнняў спецыялістаў УЗ “Медыцынская служба Дэпартамента фінансаў і тылу МУС па Магілёўскай вобласці”, адсутнасці зваротаў асуджаных на працягу шэрагу гадоў па пытанню недастатковай асветленасці камер турмы №4, падстаў для прыняцця мер па ўнясенню змяненняў, дапаўненняў у Правілы ўнутранага распарадку папраўчых устаноў, зацверджаных пастановай МУС Рэспублікі Беларусь №174 ад 20 кастрычнiка 2000 г., няма“.
Зараз праваабаронцы накіравалі калектыўную скаргу на дзеянні пракурора Магілёўскай вобласці і яго намесніка ў адрас Генпракурора краіны. Замест таго, каб вырашаць калізіі і ўстараняць супярэчнасці ў беларускім заканадаўстве, яны дублявалі адпіскі. Аб сумнеўнай пазіцыі намесніка пракурора вобласці Сяргея Сільвановіча мы ўжо пісалі.
Цяжба выявіла новыя праблемы. Напрыклад, адзначае Аляксандр Буракоў, цэлы шэраг чыноўнікаў з самых розных сілавых ведамстваў раптам сталі ў адказах паўтараць кімсьці прыдуманую версію пра тое, што санітарнымі нормамі і правіламі не ўстаноўлены нормы натуральнай асветленасці для памяшканняў камернага тыпу. Да прыкладу, гэта сцвярджаў у сваім лісце, начальнік Дэпартамента фінансаў і тылу МУС Віктар Дубавец.
Атрымліваецца, што ў турмах і СІЗА ўжо не дзейнічае беларускае заканадаўства? Або, трапіўшы ў турму, грамадзяне губляюць свае правы і становяцца людзьмі другога гатунку? Якія нормы дзейнічаюць у турме, калі кіраўнікі пенітэнцыярных установаў не лічаць патрэбным падпарадкоўвацца правілам, дзеючым на волі? Усе гэтыя пытанні патрабуюць тэрміновага адказу.