У Беларусі пасадзілі былога кіраўніка Хоцімскага раёна, па хаце якога нібыта стралялі. Ён пайшоў на злачынства праз месяц пасля прызначэння на пасаду.

Былы старшыня Хоцімскага райвыканкама Міхаіл Куксянкоў асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Апроч гэтага, суд Касцюковіцкага раёна пакараў былога «гаспадара раёна» штрафам у 11,1 тысячу рублёў (300 базавых велічыняў).

Нагадаем, напрыканцы траўня 2023 года мы пісалі аб тым, што Следчы камітэт адмовіўся казаць аб крымінальнай справе Куксянкова. Журналісты «Вячэрняга Магілёва» звярнулася ў прэс-службу УСК па Магілёўскай вобласці, каб высветліць, ці сапраўды чыноўнік знаходзіцца ў СІЗА, але прадстаўнік установы сказаў, што ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтую інфармацыю не можа, бо не валодае ёй. Пасля запыты па гэтай тэме Следчым камітэтам ігнараваліся.

MAYDAY TEAM звяртаў увагу на тое, што яшчэ 27 сакавіка 2023 года Міхаіл Куксянкоў віншаваў з прафесійным святам работнікаў і ветэранаў ЖКГ-галіны Хоцімшчыны, а ўжо 28 сакавіка старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачэнка раптоўна прадставіў новага старшыню райвыканкама – Геворга Мелканяна.

Ніякай інфармацыі аб новым прызначэнні Куксянкова з тых часоў не з’яўлялася. Высветлілася, што чыноўнік сапраўды быў пад вартай.

Міхаіл Куксянкоў

ЗЛАЧЫНСТВА УСЯГО ПРАЗ МЕСЯЦ ПАСЛЯ ПРЫЗНАЧЭННЯ НА ПАСАДУ

Падчас працэсу ў судзе Касцюковіцкага раёна высветлілася, што экс-старшыня Хоцімскага райвыканкама некалькі гадоў быў замешаны ў карупцыйных злачынствах. У сакавіку 2020 года ён атрымаў сваю пасаду, а ўжо ў красавіку 2020 года, як сцвярджае пракуратура, «даў незаконныя ўказанні кіраўніку сельскагаспадарчага прадпрыемства, які ў сілу займаемай пасады знаходзіўся ў залежным ад яго становішчы, аб заключэнні дамовы на набыццё кармоў для буйной рагатай жывёлы без правядзення працэдуры закупкі па відавочна завышаных коштах».

Акрамя таго, за спрыяльнае вырашэнне названага пытання Куксянкоў патрабаваў ад прадстаўніка камерцыйнай арганізацыі ўзнагароду ў выглядзе 5% ад сумы пагаднення.

Чыноўніка абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса РБ – у перавышэнні паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426 КК РБ) і хабарніцтве (ч. 3 арт. 430 КК РБ). Падчас судовага працэсу Куксянкоў прызнаў сябе вінаватым у перавышэнні ўлады, але адмаўляў факт замаху на атрыманне хабару.

Суд Касцюковіцкага раёна прызнаў Куксянкова вінаватым – пазбавіў волі тэрмінам на 6 гадоў і прызначыў штраф у 300 б.в.

Да свайго прызначэння старшынёй Хоцімскага райвыканкама ў 2020 годзе, Куксянкоў паспеў пабыць чыноўнікаў у іншых месцах. Напрыклад, у 2015-ым стаў дырэктарам «Бабруйскага гандлёвага цэнтра», у 2018-ым – намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама, а ў 2019-ым – першым намеснікам старшыні той жа структуры.

Хоцімскае свята

ДА ГЭТАГА ТРАПЛЯЎ У ГІСТОРЫЮ СА СТРАЛЯНІНАЙ

Некаторыя чытачы, асабліва з Магілёўскай вобласці, могуць узгадаць імя Міхаіла Куксянкова па-за кантэкстам яго крымінальнага кейса. Уся справа ў тым, што ў 2022 годзе жыхар Хоцімскага раёна паведаміў блогеру Андрэю Павуку, што “ў Куксянкова стралялі”.

Пазней выданне Zerkalo высветліла, што інцыдэнт сапраўды меў месца быць – невядомы страляў у службовы дом Куксянкова. У вокнах засталіся адтуліны, а на наступны дзень да будынка прыехалі супрацоўнікі УУС Магілёўскага аблвыканкама, мясцовага РАУС і Следчага камітэта.

Зрэшты, ніякіх іншых падрабязнасцяў няма – ні пра асобу таго, хто страляў, ні пра тое, ці атрымалася яго вылічыць і затрымаць.

ДАРЭЧЫ

Праз год пасля прызначэння старшынёй Хоцімскага райвыканкама, Міхаіл Куксянкоў даў кароткае інтэрв’ю мясцовай раённай газеце. Адказваючы на пытанне, як яму “ўдаецца ўсачыць за ўсім, што адбываецца“, чыноўнік адказаў:

– Часам здаецца, што нават 24 гадзін у сутках не хапае, каб паспець зрабіць усё, што запланаваў і, прыходзячы дадому, аналізуеш і плануеш працу не толькі на адзін дзень наперад, а на цэлы тыдзень і нават больш. І тут хочацца адзначыць, што вельмі важная дакладная і зладжаная праца ўсёй каманды. Бо ў адзіночку нічога не атрымаецца і толькі калі кожны выконвае сваю працу якасна – можна атрымаць добры вынік.