Былыя вязні і іх сваякі скардзяцца на рэзкі пах іх рэчаў, якія захоўваліся на складзе папраўчай калоніі. Ён не праветрываецца.
Частка рэчаў асуджаных трапляе на склад з моманту прыезду ў калонію, бо тое, што дазволена ў следчым ізалятары (СІЗА), становіцца забароненым пасля прысуду і этапавання ў папраўчую калонію. Напрыклад, у СІЗА падследныя апранаюцца ў звычайнае адзенне, а ў калоніі яны ўжо ходзяць у спецыяльнай робе.
На склад трапляе таксама адзенне, якое кантралёры “забракавалі” пры прыёмцы рэчавых перадач. Па заяве, іх могуць забраць сваякі, альбо асуджаны атрымлівае іх назад пасля вызвалення.
І тут самае непрыемнае. Калі рэчы на складзе бабруйскай ПК-2 праляжалі хаця б месяц, то не дапамагаюць і два пранні. Як сведчаць грамадзяне, нават новы спартовы гарнітур, які змяшчаецца ў невялікі пакет, праз месяц ужо смярдзіць, па сцвярджэнні крыніцы MSPRING.MEDIA, “сумессю цвілі і бамжа” так, што немагчыма доўга побач знаходзіцца. Гэта пацвердзілі адразу некалькі іншых крыніц, а ў адным выпадку нават прыйшлося выкінуць рэчы – пасажыраў не пускалі ў цягнік з-за моцнай смуроду багажу.
Па словах тых, хто раней адбываў тэрмін у гэтай калоніі, адміністрацыя даўно ведае аб праблеме, але не лічыць яе важнай.