У наваполацкай ПК-1 з пятніцы па нядзелю сувязь проста “злегла”.

Раней адміністрацыя папраўчай установы выкарыстоўвала для IP-тэлефаніі прылады Skype і Viber. Аднак якасць злучэння была вельмі нізкай. У калоніі пайшлі насустрач сваякам асуджаных і дазволілі выкарыстоўваць мэсанджар Telegram.

Але апошнія тры дні ўсе тры праграмы ўвесь час перарывалі злучэнні, а пры наяўнасці сувязі разабраць словы было немагчыма. Пры гэтым адміністрацыя калоніі лічыць, што выканала патрабаванні Крымінальна-выканаўчага кодэксу РБ па прадастаўленні званкоў, хаця ў рэальнасці іх не было.

Тэхнічна да гэтага часу пытанне не вырашана. Калонія не можа знайсці прычыну няспраўнасці закупленага новага абсталявання. Нагадаем, беларускія папраўчыя калоніі масава перайшлі на IP-тэлефанію цягам мінулага года з-за адмовы “Белтэлекама” абслугоўваць старыя таксафоны. З таго часу ўсе яны сутыкаюцца з праблемамі са сувяззю. На мінулым тыдні мы расказвалі пра падобную сітуацыю ў віцебскай ПК-3 і гомельскай жаночай ПК-4.