Ад рэгіёна вырашаць лёс Беларускай асацыяцыі журналістаў паедуць адразу шэсць чалавек.

27 лютага. Магілёў. Грамадскі цэнтр «Кола». Алесь Святліцкі. На фота – выступае адзін з абраных дэлегатаў Сяргей Няроўны, галоўны рэдактар газеты «Вольны горад»


Магілёўскі рэгіянальны філіял БАЖ правёў справаздачна-выбарчую сустрэчу, падчас якой вызначыўся з дэлегатамі на рэспубліканскі з’езд, які пройдзе 20 красавіка.Акрамя таго, быў пераабраны кіраўнік рэгіянальнага філіяла і прызначаны яго намеснік.

У ходзе галасавання было вырашана, што ўзначальваць мясцовых сябраў БАЖ па-ранейшаму будзе бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч. Ягоным намеснікам зацверджаны карэспандэнт некалькіх выданняў Аляксандр Буракоў.

Таксама былі абраныя дэлегаты на з’езд Беларускай асацыяцыі журналістаў. У спіс ад Магілёўскай вобласці ўвайшлі Барыс Вырвіч (Бялынічы), Аляксандр Буракоў (Магілёў), Сяргей Няроўны (Крычаў), Валерый Каранкевіч (Хоцімск), Галіна Будная (Горкі) і Алесь Сабалеўскі (Магілёў).

Дэлегаты на агульным з’ездзе павінны будуць удзельнічаць у выбары новага кіраўніцтва БАЖ. На дадзены момант арганізацыю ўзначальвае Андрэй Бастунец, які таксама прысутнічаў на сустрэчы ў Магілёве.

Акрамя выбарных пытанняў, журналісты абмеркавалі на сустрэчы рашэнне набалелых  праблемаў- у першую чаргу рэгістрацыі БАЖ як творчага саюза. Гэта дазволіла б членам асацыяцыі не падпадаць пад дзеянне абноўленага “дэкрэта аб дармаедстве”. Аднак з атрыманнем статуса, па словах Андрэя Бастунца, пакуль праблемы:

– Мы ўжо некалькі разоў спрабавалі атрымаць статус творчых работнікаў. Аднак у такім выпадку мы б траплялі ў сферу Міністэрства культуры і адпаведнага кодэкса. У той жа час паводле статуту мы падпарадкоўваемся заканадаўству ў сферы СМІ. Пры гэтым гуляе ролю стаўленне ўладаў – калі праўладны Беларускі саюз журналістаў атрымаў статус творчага без праблем, то ў нас жыццё паскладаней, – распавёў Бастунец.

Многіх сябраў БАЖ таксама турбуе абноўлены закон аб сродках масавай інфармацыі, які ўлады могуць прыняць у хуткім часе.На думку кіраўніка БАЖ, асцярогі абгрунтаваныя:

– Мы пастаянна спрабуем «напрасіцца» да ўладаў на абмеркаванне законапраекта, аднак нас не пускаюць. Па тых дадзеных, якія мы атрымалі, новы закон аб СМІ будзе больш жорсткі за цяперашні, асабліва ў частцы работы журналістаў на масавых мерапрыемствах, – канстатаваў Бастунец.