Мы з’ездзілі туды, каб пераканацца, што становішча стала лепш, але неяк не пераканаліся.

6 чэрвеня. Магілёў. Святое возера. Ігар Лазоўскі


6 чэрвеня Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі абвясціў, што пробы вады, узятыя ў траўні, адпавядаюць гігіенічным нарматывам. Аб’явы аб забароне купання на стэндзе каля возера памяняць яшчэ не паспелі: там да гэтага часу вывешаны аркушы А4, якія забараняюць водныя вылазкі.

У канцы жніўня мінулага года мы ўжо рабілі фоторэпорт з гэтага месца і выглядала яно жудасна – каля берага на вадзе калыхалася цвёрдая плёнка незразумелага паходжання, на пяску трапляліся парэшткі памерлых птушак і смецце, у паветры пахла чымсьці гнілым. Да таго моманту купанне на Святым возеры было забаронена трэці сезон запар.

6 чэрвеня гэтага года вадаём праўда выглядаў трохі чысцей – не было бруднай засохлай плёнкі каля сярэдзіны пляжу. Бліжэй да краёў возера пласт бруду па-ранейшаму застаўся.

Галоўнай прычынай забруджвання Святога возера ўлады на працягу трох гадоў называлі птушак. З-за іх велізарнай колькасці і адходаў вадаём кішэў шкоднаснымі бактэрыямі. Цэнтрам бед пазначылі маленькую выспукаля цэнтра возера, які складаецца з бруду, дзе жыве найбольшая колькасць чаек.

План па ачыстцы Святога возера быў складзены яшчэ ў 2010 годзе і каштаваў на той момант 30 мільярдаў рублёў. Грошай у бюджэце на гэта не знаходзілася. Вясной 2017 года купанне ў вадаёме зноў забаранілі, пакуль 6 чэрвеня раптам не далі забароне “адбой”.

Пры гэтым названая прычына экалагічнай праблемы – птушкі – нікуды не знікла. На Святым іх па-ранейшаму вельмі шмат і адчуваюць яны сябе як сапраўдныя гаспадары. У чым жа розніца, калі птушак менш не стала, а выспа з чайкамі па-ранейшаму бурліць жыццём?