Самы панылы фотарэпартаж ў гісторыі беларускай журналістыкі.
Па рашэнні Магілёўскага гарвыканкама ў Магілёве ёсць толькі адно месца, дзе грамадзяне могуць праводзіць масавыя мерапрыемствы без удзелу дзяржавы – гэта пляцоўка каля дома 64а па вул. Чалюскінцаў, або проста стадыён “Хімік” каля былога дома культуры завода штучнага валакна. Магілёўскія праваабаронцы ўжо некалькі разоў спрабавалі дамагчыся змянення парадку і месца правядзення масавых мерапрыемстваў і пікетаў, аднак мясцовыя ўлады ўпарта адводзяць усім жадаючым свабоды сходаў толькі гэтае месца.
Каб трапіць на месца, трэба прайсці міма будынка ДК, які павольна разбураецца пад гнетам часу і нікому-непатрэбнасці.
Людзей-сведкаў магчымага пікету ці мітынга, хутчэй за ўсё, будзе няшмат: вуліца Чалюскінцаў размешчана ў індустрыяльным раёне горада, дзе людзі больш ездзяць, чым ходзяць.
Удзельнікі мерапрыемства ў любы момант могуць паправіць сваё здароўе на іржавых турнічках. Гэтым усе перавагі стадыёна “Хімік”, як месца для правядзення мерапрыемстваў, вычэрпваюцца.
Мітынг, пры гэтым, будзе салідарызавацца з ..экхм .. народнай антыспайсавай кампаніяй.
Сам стадыён знаходзіцца ў тым стане, якое прынята апісваць як “кома”.
Патэнцыйныя мітынгоўцы і пікетоўцы з задавальненнем могуць акунуцца ў атмасферу лета – трава па пояс любому сходу надасць утульнасці.
А які адкрываецца пейзаж!
Тым, хто вырашыць ладзіць мітынг каля самага высокага будынка на стадыёне – вышкі для трэніроўкі МНС – можа быць крыху не па сабе ад рускага духу. І фашысцкіх сімвалаў.
Нарэшце, можна правесці цэлы марш – для гэтага выдзелена спецыяльная “стометроўка” ад дома №62 па вул. Чалюскінцаў.
Рашэннем Магілёўскага гарвыканкама №25-19 ад 19.12.2007 года “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве» прынята, што заяўнік сходу, перш, чым падаваць заяўку на правядзенне сходу, павінен дамовіцца з аддзелам унутраных спраў, каб тыя забяспечылі ахову, з цэнтральнай паліклінікай, каб дзяжурыла машына «хуткай дапамогі» і камунальнікамі з дарожна-маставога прадпрыемства, каб тыя прыбралі тэрыторыю, калі ўсё скончыцца.
Таксама гэтым рашэннем было вызначана толькі адно месца, дзе можна праводзіць недзяржаўныя масавыя мерапрыемствы – пляцоўка каля дома №64 па вул. Чалюскінцаў. Прасцей кажучы – стадыён каля ДК «ЗІВ» на ўскрайку горада.
Усё гэта дало выдатную глебу для знішчэння вулічнай актыўнасці ў Магілёве – амаль любы несанкцыянаваны пікет ці сход караецца штрафам, а дамагчыся дазволу правесці мерапрыемства на тым самым стадыёне практычна немагчыма, калі ты належыш да апазіцыйных структураў – досыць АУС або паліклініцы адмовіць табе, як ты застаешся без мерапрыемства. Ці не апошні санкцыянаваны сход на Чалюскінцаў прайшоў у лістападзе 2012 года, калі прарасійскія нацыяналісты правялі «Рускі марш». Пасля гэтага, негледзячы на стос заяваў, масавых недзяржаўных мерапрыемстваў тут не адбывалася. Пры гэтым свабода сходаў гарантуецца беларускім грамадзянам артыкулам 35 Канстытуцыі РБ.
Каб неяк палепшыць сітуацыю, магілёўскія праваабаронцы сумесна з дэмакратычнымі сіламі Магілёва вырашылі змяніць рашэнне мясцовых уладаў, якое датычна свабоды мірных сходаў.