У дадзены момант ён знаходзіцца ў Магілёўскай бальніцы №1.
9 траўня. Магілёў. Саша Райкан
Канстанцін Сярогін – кіроўца з каманды блогераў «Краіна для жыцця». На дадзены момант усе яны затрыманыя за ўдзел у масавым мерапрыемстве 5 траўня на Віцебскім праспекце ў Магілёве.
Сярогіна таксама затрымалі. Адбылося гэта 8 траўня ў Мінску – яго скруцілі двое супрацоўнікаў АМАП. Пасля гэтага яго даставілі ў Магілёў у ізалятар часовага ўтрымання (па месцы здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння).
У ІЧУ Канстанцін Сярогін паскардзіўся на дрэннае самаадчуванне і яму выклікалі «хуткую дапамогу». Лекары па сімптомах западозрылі ў юнака COVID-19 і накіравалі ў бальніцу.
Да гэтага супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС прама ў ізалятары часовага ўтрымання склаў пратакол па артыкуле 23.4 КаАП – непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі. Уся справа ў тым, што менавіта Канстанціна Сярогіна каля сотня магілёўцаў здолела адбіць у міліцыянтаў на Віцебскім праспекце.
У лячэбнай установе ў Сярогіна ўзялі мазкі на каранавірус. Паколькі Магілёўская бальніца №1 зараз з’яўляецца асаблівым аб’ектам, дзе ўтрымліваюцца хворыя на COVID-19, канваірам Канстанціна прыйшлося сысці, аддаўшы яму асабістыя рэчы.
Што цікава, на Сярогіна, паводле яго слоў, не склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП – за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Сам ён мяркуе, што міліцыя зрабіла гэта наўмысна, бо калі тэст на COVID-19 Канстанціна будзе станоўчым, то ўладам прыйдзецца шукаць ўсіх удзельнікаў акцыі на Віцебскім праспекце – каля 150 чалавек.
Пры гэтым многія з гэтых людзей былі на наступны дзень на акцыі салідарнасці з затрыманым блогерам Сяргеем Ціханоўскім побач з магілёўскім ІЧУ – а значыць патэнцыйных кантактаў першага ўзроўню яшчэ больш.
Варта адзначыць, што калі б магілёўская міліцыя не затрымала блогераў на Віцебскім праспекце, масавай акцыі пратэсту бы там не здарылася.