Усё таму, што сам Царук не прыйшоў на паседжанне.

2 траўня. Магілёў. Суд Магілёўскай вобласці. Алесь Святліцкі


2 траўня ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі на рашэнне суда Ленінскага раёна, які даў Царуку штраф у 25 базавых велічынь за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Нагадаем, падчас акцыі пратэсту 15 сакавіка Аляксандр Царук перашкаджаў аўтамабілю з «ціхарамі» забраць актывіста Ігара Чырака, якога пасля асудзілі на 15 сутак.

Як было пазначана ў пратаколе затрымання, супрацоўнікі АМАП узялі Царука ў 19:20 побач з гарадской бібліятэкай. У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні супрацоўнікі міліцыі пазначылі, што актывіст пераступіў закон у 19:25 каля кінатэатра “Радзіма”. Менавіта на гэта звярнуў увагу Аляксандр Царук пры падачы сваёй скаргі, папрасіўшы адмяніць рашэнне Ленінскага суда па фармальных падставах.

Самога актывіста на пасяджэнні не было па невядомых прычынах. На тэлефонныя званкі ён не адказваў.

Суддзя Алена Картавенка ў прысутнасці трох гледачоў за пяць хвілін прабеглася па скарзе Царука, пасля чаго абвясціла перапынак для вынясення рашэння. Праз паўгадзіны яна заявіла, што рашэнне суда Ленінскага раёна пакінута ў сіле.