19-гадовага Карпечанку, 16-гадовага Панамарэнку і 18-гадовага Мітрафанава абвінавачваюць у апаганенні помніка габрэям-ахвярам нацызму.
16 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі. На здымку – за пяць хвілін да паседжання каля судовай залі
16 лютага ў судзе Ленінскага раёна пачалі разглядаць справу супраць трох нэанацыстаў, якія ноччу 19 лістапада 2016 года аблілі чорнай фарбай помнік «Габрэям – ахвярам нацызму».
Усім тром інкрымінуецца парушэнне часткі 2 артыкула 339 КК РБ (злоснае хуліганства). За гэта ім пагражае да 6 гадоў зьняволеньня. Леаніда Карпечанку таксама абвінавачваюць ва ўцягванні непаўналетніх у здзяйсненне злачынства (ч. 1. арт. 172 КК РБ), паколькі на момант здзяйснення злачынства Станіслаў Панамарэнка і Аляксей Мітрафанаў былі непаўналетнімі.
Падсудныя прызналі сваю віну за зробленае і выказалі раскаянне. Пры гэтым Карпечанка і Мітрафанаў не пагадзіліся з тым, што яны здзейснілі злоснае хуліганства. На думку хлопцаў, іх павінны судзіць па арт. 341 КК РБ (Апаганьванье будынкаў і псаванне маёмасці). У такім выпадку, ім максімальна б пагражаў арышт да трох месяцаў.
Карпечанка таксама заявіў, што не ведаў пра тое, што Панамарэнке і Мітрафанаву няма 18 гадоў, і таму адмовіўся прызнаць віну ў падштурхоўванні іх да здзяйснення злачынства.
На судзе хлопцы распавялі, што ідэя абліць помнік фарбай прыйшла ім яшчэ ў верасні. Яны разам паглядзелі відэа, на якім зафіксавана такое ж злачынства, здзейсненае ў 2012 годзе, – тады помнік аблілі рудой фарбай. Пасля гэтага ідэя перыядычна ўсплывала ў размовах, пакуль яе не рэалізавалі ноччу 19 лістапада.
Леанід Карпечанка і Аляксей Мітрафанаў ўзялі ў дзеда апошняга банку чорнай фарбы, пасля чаго сустрэліся са Станіславам Панамарэнкай і яго сябрам Духоўскім (праходзіць па справе як сведка). Разам яны прыйшлі на месца здзяйснення злачынства. Духоўскага адправілі вартаваць выпадковых мінакоў. Панамарэнка абліваў помнік, а Карпечанка здымаў тое, што адбываецца, на камеру мабільнага тэлефона. Потым, па ягоных словах, ён выдаліў відэа. Пасля хлопцы адправіліся на набярэжную Дняпра, дзе пераапрануліся ў чыстае адзенне.
Леанід Карпечанка заявіў, што ўсвядоміў усё глупства свайго ўчынку. На пытанне дзяржабвінаваўцы, адкуль той першапачаткова нахапаўся нацыянал-сацыялістычных ідэй, хлопец адказаў, што з Інтэрнэту. Прычым цікавіла яго тэма славянскага адзінства. Ўсумніцца ў сваёй ідэалогіі маладому чалавеку дапамагло СІЗА.
– Падчас знаходжання там я прачытаў Стары Запавет, шмат іншых кніг. Да таго ж, на мяне паўплывалі людзі – я сяджу разам з прадстаўнікамі яўрэйскай і цыганскай нацыянальнасці. Яны патлумачылі мне, што я не меў рацыю, добра паставіліся, – заявіў на судзе Карпечанка.
Станіслаў Панамарэнка таксама паведаміў, што пра нацыянал-сацыялістычныя ідэі ён даведаўся з Інтэрнэту, але цікавіўся імі, па яго словах, няшмат. Паколькі ён самы малодшы з троіцы, дзяржабвінаваўца спытала ў яго аб планах на жыццё.
– Я вельмі хацеў пайсці служыць у войска, а потым уладкавацца ў міліцыю, у АМАП, – сказаў Панамарэнка. Ён так і не змог адказаць, як ідэі нацызму суадносяцца са служэннем ў органах унутраных спраў.
Аляксей Мітрафанаў з’яўляецца адзіным з падсудных, каго раней прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за прапаганду нацызму: малады чалавек размяшчаў у сацсетцы карцінкі з забароненай сімволікай. На судзе ён заявіў, што пасля гэтага выхаваўчай працы практычна не было – з яго маці проста ўзялі штраф. У гэты раз хлопец выказаў раскаянне. Паводле яго, у СІЗА ён перадумаў прытрымлівацца ідэалогіі нацызму і гатовы ўстаць на шлях выпраўлення.
Акрамя хлопцаў, на судзе дапыталі сведак. Сярод іх быў старшыня габрэйскай абшчыны Магілёва Аляксей Каплан. Ён сказаў, што падсудныя прынеслі свае прабачэнні, а іх бацькі выказалі гатоўнасць пакрыць матэрыяльны ўрон. Па запэўненнях іншага сведкі, скульптара Андрэя Вераб’ёва, для аднаўлення помніка неабходна тысяча рублёў.
– З-за асаблівасці паверхні трэба дарагое абсталяванне і шмат гадзін працы, каб усе аднавіць, як было. На дадзены момант, па маіх разліках, у рэстаўрацыі мае патрэбу 50% плошчы помніка, – сказаў Вараб’ёў.
Выслухаўшы падсудных і сведак, суддзя Ігар Шведаў абвясціў перапынак да панядзелка. Працэс доўжыўся больш за дзве гадзіны. За ім назірала каля пяцідзесяці чалавек. У асноўным гэта былі прадстаўнікі габрэйскай абшчыны Магілёва, сваякі падсудных і маладыя людзі з голенымі галовамі.
Наступнае паседжанне адбудзецца 20 лютага ў 11.00