Журналіст БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч дамогся, каб міліцыя зноўку пачала працэс аб адміністрацыйным правапарушэнні за адмову ў прадастаўленні кнігі скаргаў.
19 траўня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Ігар Лазоўскі
19 траўня ў судзе Ленінскага раёна суддзя Ірына Ланчава разгледзела скаргу журналіста Уладзіміра Лапцэвіча на спыненне працэсу аб адміністрацыйным правапарушэнні.
На думку Лапцэвіча, участковы інспектар міліцыі Ганчаронак недобрасумленна выканаў праверку па справе аб адміністрацыйным парушэнні з боку прадстаўніка Адміністрацыі Ленінскага раёна.
29 красавіка ў будынку Адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва павінен быў адбыцца сход членаў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”, на якім, як меркавалася, павінны былі абраць новага старшыню.
Члены кааператыва запрасілі для асвятлення мерапрыемства журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча, аднак той на пасяджэнне патрапіць не змог.
Супрацоўнік Адміністрацыі раёна і ініцыятар сходу Канстанцін Кісцянёў адмовіўся пусціць карэспандэнта ў залу. Калі Лапцэвіч запатрабаваў кнігу скаргаў, ён пачуў, што ўжо канец працоўнага дня і прадстаўнікоў Адміністрацыі, якія могуць выдаць кнігу, няма на месцы. Разам з тым Кісцянёў да гэтага сам прадставіў сябе як аднаго з членаў кіраўніцтва.
Журналіст напісаў скаргу ў Ленінскі РАУС, у якім папрасіў прыцягнуць чыноўніка да адміністрацыйнай адказнасці. 6 траўня ўчастковы Ганчаронак пастанавіў спыніць справу за адсутнасцю складу правапарушэння.
Уладзімір Лапцэвіч не пагадзіўся з гэтым і абскардзіў пастанову ў судзе Ленінскага раёна. Там ён заявіў, што Кісцянёў цалкам мог даць кнігу, паколькі сам аднёс сябе да ліку аднаго з кіраўнікоў адміністрацыі раёна.
– Ён быў ініцыятарам сходу, на якім, як лічаць члены кааператыва, магла быць зроблена спроба рэйдэрскага захопу. Ён абавязаны быў даць кнігу скаргаў, аднак не зрабіў гэтага, – заявіў Лапцэвіч.
Суддзя Ірына Ланчава па выніках разгляду скаргі прызнала правату журналіста і пастанавіла аднавіць адміністрацыйны працэс, паколькі ўчастковы Ганчаронак не апытаў належным чынам Канстанціна Кісцянёва, не апытаў сведак і не даў ацэнку паказанням журналіста і чыноўніка.
– З аднаго боку трохі здзіўлены, таму што чакаў зусім іншага. З іншага, суддзя Ланчава паступіла правамерна. Гэта значыць прызнала, што праверка была праведзена няпоўна. Так і павінна быць, – пракаментаваў вынік суда Лапцэвіч.