У Магілёве пачаўся суд над «забойцай з бензапілой».
11 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі
11 красавіка суддзя абласнога суда Сяргей Каралёў пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Уладзіслава Казакевіча, якога абвінавачваюць у нападзе на супрацоўнікаў шклоўскай папраўчай калоніі.
8 кастрычніка 2016 года Казакевіч напаў на наведвальнікаў гандлёвага цэнтра “Новая Еўропа”. Хлопец з бензапілой, у масцы і слухаўках забіў работніцу гандлёвага цэнтра і сякерай пакалечыў наведвальніц. Суд прызнаў Казакевіча вінаватым і прысудзіў да 15 гадоў пазбаўлення волі. Пасля нападу на кантралёраў ПК №17 г. Шклова ў кастрычніку 2017-га, на хлопца завялі яшчэ адну справу і накіравалі для адбыцця пакарання ў турму №4 г. Магілёва.
Маці Казакевіча заявіла, што над яе сынам пастаянна здзекуюцца – адабралі акуляры, з-за чаго ў яго ўпаў зрок, і трымаюць пастаянна ў штрафным ізалятары.
Згодна з матэрыяламі справы, пастаянныя дысцыплінарныя спагнанні сталі прычынай таго, што Казакевіч вырашыў забіць начальніка ПК №17. Ужо 9 кастрычніка ў хлопца быў нож, з дапамогай якога ён хацеў ажыццявіць план, але пра зброю даведаліся кантралёры. Падчас ператрусу малады чалавек напаў на супрацоўнікаў калоніі, прычым як ён прызнаўся падчас следства, спрабаваў забіць як мага больш чалавек.
– Казакевіч, накінуўся на Маскалёва, спрабуючы нанесці яму ўдары ў галаву і грудную клетку,але ня змог. Пасля гэтага Казакевіч напаў на кантралёра Кузана, абодва ўпалі на падлогу. Казакевіч, седзячы зверху пацярпелым, нанёс тры ўдары нажом у галаву, – паведаміў дзяржаўны абвінаваўца.
Суддзя Каралёў зачытаў пратакол допыту абвінавачанага. На пытанне следчага, ці жадаў Казакевіч пакалечыць кантралёра, той адказаў, што «лепш забіць». Ніякага раскаяння «забойца з бензапілой» не адчуў.
Пасля нападу на кантралёраў ПК №17 Казакевіча адправілі на псіхіятрычную экспертызу, па выніках якой было ўстаноўлена, што псіхічных захворванняў у хлопца няма.
Падчас суда адвакаты Уладзіслава звярнуліся да суда з просьбай аб паўторнай судова-псіхіятрычнай экспертызы, якую павінны правесці незалежныя эксперты. Суд павінен прыняць рашэнне па гэтым хадайніцтве пазней.
Пацярпелымі па справе праходзяць кантралёры Маскалёў і Кузан, а таксама начальнік ВК №17 Петраковіч. Іх павінны дапытаць у бліжэйшы час.