За апошнія некалькі тыдняў у суседнім Смаленску прайшло адразу некалькі імпрэз, накіраваных на ўцягненне маладых беларусаў у «інтэграцыйныя працэсы».

24 красавіка. Магілёў-Смаленск. Саша Мінько. Фота на галоўнай – smolgazeta.ru/daylynews


На мінулым тыдні часопіс пра правы чалавека mspring.online расказваў пра акцыі, скіраваныя на ўцягненне магілёўскай моладзі ў інтэграцыйныя працэсы на тэрыторыі Расіі.

https://mspring.media/rus-by-forsight/

І зноў у Смаленску з 21 па 23 красавіка праводзілі чарговую расійска-беларускую канферэнцыю для моладзі з прымежных абласцей – Магілёўскай і Віцебскай.

Магілёў традыцыйна ўяўляла Сацыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне “Спадчына” на чале з выкладчыкам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта (БРУ) Віталём Арцёмчыкам. У гэты раз падчас мерапрыемства на афіцыйнай старонцы «Спадчыны» «УКантакце» інфармацыі было менш, чым звычайна. Пад загалоўкам “Расійска-беларуская моладзевая канферэнцыя. Дзень першы” былі апублікаваны толькі фота і хэштэгі – #БРУ_Магілёў і #Коледж_Мастацтваў.

Ужо пасля канферэнцыі «Спадчына» апублікавала агульную справаздачу па ёй.

Фота vk.com/naslediem

Затое інфармацыйная сістэма “Самаахвотнікі Расіі” хутка праіндэксавала пошукавы запыт. Аказалася, у Смаленску самаахвотнікі рыхтавалі расійска-беларускую моладзевую канферэнцыю, прымеркаваную да “Дню единения народов Белоруссии и России” (арфаграфія захавана).

Фота сайта добровольцыроссии.рф

Смаленскае аддзяленне Расійскага саюзу моладзі (РСМ) са спасылкай на “Смаленскую газету” апублікавала інфармацыю пра тое, як у Смаленскам дзяржуніверсітэце абмеркавалі развіццё моладзевай палітыкі Саюзнай дзяржавы.

Назва канферэнцыі 22 красавіка гучала ўжо як “Умацаванне сувязяў паміж моладдзю дзвюх краін у кантэксце сучасных інтэграцыйных працэсаў”. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Смаленскае аддзяленне Расійскага саюзу моладзі пры ўдзеле Адміністрацыі рэгіёна і СмалДУ.

На думку арганізатараў, галоўнае практычнае заданне форума – абмеркаванне і далейшы запуск расійска-беларускіх моладзевых ініцыятыў, прэзентацыя досведу паспяховай працы, наладжванне кантактаў, знаёмства з магчымасцямі расійскіх моладзевых цэнтраў і структур. Асобны акцэнт сёлета зрабілі на тэме 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама на патрэбе захавання памяці пра Вялікую Айчынную вайну.

У рамках канферэнцыі працавалі некалькі секцый: “СМІ: мультымедыйная журналістыка і яе роля ў фармаванні інфармацыйнай прасторы прымежжа Расіі і Беларусі”, “Моладзь у будаванні Саюзнай дзяржавы”, “Адна гісторыя – адна Перамога. Патрыятычнае выхаванне як прылада сацыялізацыі моладзі”.

Фота smolgazeta.ru/daylynews

У панядзелак моладзевая канферэнцыя сабрала крыху больш за сотню прадстаўнікоў моладзевых арганізацый, органаў расійскай улады, СМІ і ўніверсітэтаў з рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Завяршыўся форум у аўторак, 23 красавіка. Улічваючы, што ўсё гэта працоўныя дні, лагічным здаецца пытанне, калі ж працуюць у мясцовых ВНУ выкладчыкі і калі вучацца студэнты, калі кожны тыдзень яны выязджаюць у суседнюю краіну?