Прадпрыемства спрабуе напалохаць экалагічных актывістаў, але выглядае ўсё смяшней.

30 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі / На фота – Андрэй Бодзілеў падчас дыскусіі аб прадпрыемстве «Омск Карбон Магілёў».


Юрыдычная служба завода не на вышыні – трэцяя за год скарга ў міліцыю на каардынатара кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэя Бодзілева засталася без задавальнення.

Два тыдні таму Магілёўскі РАУС адмовіўся ўзбуджаць крымінальную справу ў дачыненні да Андрэя Бодзілева па скарзе прадстаўнікоў «Омск Карбон Магілёў». Пасля гэтага прадпрыемства падало новую скаргу, якую ў гэты раз узяў на сябе Ленінскі РАУС.

Адміністрацыя «Омск Карбон Магілёў» палічыла, што Бодзілеў здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне, паколькі правёў відэа-апытанку аб інфармаванасці насельніцтва па пытаннях экалогіі без акрэдытацыі (арт. 9.28 КаАП).

– У міліцыі мяне апыталі пра гэта відэа. Я растлумачыў, што мэтай апытання было даведацца меркаванне і матывацыю грамадзян удзельнічаць у вырашэнні пытанняў экалогіі. Што тычыцца вынікаў – паглядзім, які адказ дашлюць, – распавядаў Бодзілеў.

Ленінскі РАУС не стаў нічога прыдумляць і даслаў адпісаў, што адміністрацыйную справу ў дачыненні да актывіста заводзіць не будуць. Намеснік начальніка райаддзела Аляксандр Пушын патлумачыў, што не бачыць у дзеяннях Бодзілева “прыкмет складу адміністрацыйнага правапарушэння”.

Чарговая спроба «Омск Карбон» аказаць ціск на актывістаў пацярпела поўнае фіяска, – коратка пракаментаваў вынік актывіст.