Адразу пасля выступу палітыка шэраг мясцовых актывістаў, журналістаў і палітыкаў атрымалі на свае электронныя скрыні «ўкіды» з ілжывай інфармацыяй аб гэтай сустрэчы.
2 красавіка. Магілёў. Грамадскі цэнтр «Кола». Ігар Лазоўскі.
Мікалай Статкевіч прыбыў у Магілёў разам з міжнародным сакратаром Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Сяргеем Марцалевым. Прысутным яны распавялі пра Кангрэс дэмакратычных сілаў, а таксама пастараліся растлумачыць, навошта ён патрэбны.
– На жаль, наша ўлада ўжо загнала сябе ў кут, яна не дзеяздольная. Лукашэнка прывёў народ у яму, з гэтай ямы нам прыйдзецца выбірацца самім. Для гэтага мы павінны быць адзіныя, – заявіў падчас выступу Мікалай Статкевіч.
Былы палітвязень звярнуў асаблівую ўвагу на актыўнасць прарасейскіх сілаў у Беларусі:
– Невядома, калі да нас палезуць «зялёныя чалавечкі», калі паўторыцца Крым. Пуцін не спыніцца, ён як звер, які хоча забраць сабе ўсё, забраць гэтыя землі. Яму можа супрацьстаяць толькі моцная Беларусь, аб’яднаная Беларусь. Я даўно казаў і працягваю казаць – хопіць нашым палітыкам дзяліць незразумела што. Пара аб’ядноўвацца. Кангрэс дэмакратычных сілаў – гэта магчымасць нам пачуць адзін аднаго. Я заклікаю вас падтрымаць Кангрэс!
АУДЫЕ: Мікалай Статкевіч – Некаторыя палітычныя сілы раяцца наконт Кангрэса ўжо больш за чатыры месяцы.
Пераважная большасць магілёўцаў ўхвалілі ідэю кангрэса. Супраць выказалася толькі некалькі чалавек.
Адразу пасля выступу палітыка прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці Магілёва атрымалі на электронныя скрыні паведамленне пра тое, што ідэя кангрэсу ў Магілёве, нібыта, правалілася. Ліст прыйшоў ад нейкага Канстанціна Снароўскага. Ад гэтага ж імя раней распаўсюджвалася відэа ганебнага характару пра намесніка старшыні БСДП (Грамада) Ігара Барысава, якое пазней было размешчана на сайце voskresinfo.com.
Раней Ігар Барысаў, а таксама журналіст Аляксандр Буракоў і некаторыя іншыя актывісты спрабавалі праз міліцыю высветліць, каму належыць сайт і хто займаецца ачарненнем людзей, аднак безвынікова.
Адзначым той факт, што відэа зроблена нібыта ў стылістыцы магілёўскага партала gorad.by, прычым досыць кепска. Галоўны рэдактар рэсурсу Ганна Ільіна ўжо пацвердзіла, што яе сайт да гэтага матэрыялу не мае ніякага дачынення.
Сам Статкевіч адрэагаваў на ганебнае паведамленне ў сваім Facebook:
«Гэты тэкст без зменаў пад рознымі нікамі распаўсюджваецца па Сеціве. Даю дакладную інфармацыю – з 56 удзельнікаў сустрэчы супраць кангрэса прагаласавалі толькі 3. Яшчэ 4 устрымаліся. Я разумею, што заданне не выканалі і таму крыўдна. Але навошта падманваць».