Нягледзячы на незлічоную колькасць нестыковак у справе і парушэнні з боку міліцыі, суд Кастрычніцкага раёна аштрафаваў фрылансерку Аліну Скрэбунову на 20 базавых велічынь.
7 верасня. Магілёў. Суд Кастрычніцкага раёна. Ігар Лазоўскі
Пра першы дзень суду можна прачытаць вось тут >>>
7 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна суддзя Наталля Ясенка вынесла рашэнне ў дачыненні да фрылансеркі Аліны Скрэбуновай. Дзяўчыну прызналі вінаватай у тым, што яна зрабіла на «БелСАТ» сюжэт пра суботнік ў гадавальніку для бяздомных сабак.
Другі дзень суда пачаўся з апытання сведкі Святланы Ярмаленковай – кіраўніцы Магілёўскага таварыства абароны жывёл «Добрае сэрца».
Па яе словах, Аліну Скрэбунову яна ведае даўно – тая рэгулярна дапамагала таварыству і прымала ўдзел у іх акцыях. Ярмаленкова сказала, што фрылансерка сапраўды брала ў яе інтэрв’ю, якое яна потым убачыла ў сюжэце БелСАТ. Аднак у далейшым жанчына заявіла, што не ведае, як Скрэбунова выкарыстала зняты матэрыял.
Паколькі ў пратаколе апытання старшыня МТАЖ пазначыла, што пазнала голас Скрэбуновай ў сюжэце, фрылансерка папрасіла яе яшчэ раз прагледзець відэа. Паглядзеўшы ролік, Ярмаленкова заявіла, што не можа дакладна сказаць, каму належыць голас.
Абвінавачаная папрасіла жанчыну расказаць, як праходзіла апытанне ў міліцыі. Высветліліся нечаканыя факты.
– З намі звязаліся, сказалі, што людзі, што жывуць побач з гадавальнікам «Спэцаўтапрадпрыемства» паскардзіліся на шум ад сабак. Мы прыехалі ў пастарунак. Ужо там ўчастковы сказаў, што на самой справе выклікаў нас з-за Скрэбуновой. Правёў апытанне, паказаў відэа, сказаў, што Аліна незаконна займаецца журналістыкай без акрэдытацыі. Была нейкая ксеракопія з дакумента з фатаграфіяй, спытаў, ці пазнаем мы Аліну. Быццам бы гэта была яна, – сказала Ярмаленкова.
Па яе словах, яна сумнявалася ў сваіх паказаннях, таму прасіла міліцыянта ўнесці змены ў пратакол. Праўда ўжо пасля таго, як яго падпісала.
“Я абраў добрапрыстойную падставу, каб яны прыйшлі”
Участковы інспектар Кастрычніцкага РАУС Уладзімір Шчарбакоў, які выступіў пасля Ярмаленковай, сказаў, што перапісваў пратакол некалькі разоў, таму ўсе заўвагі сведак там адзначыў.
Скрэбунова спытала ў яго, ці ведае ён, як адбываецца працэс выпуску відэасюжэту. Міліцыянт адказаў адмоўна.
– Тады як вы можаце сцвярджаць, што гэта я рабіла сюжэт? Ці рабілі вы запыт у БелСАТ, ці спрабавалі вы адшукаць Насту Ільіну, якая з’яўляецца аўтарам відэа (так пазначана ў самім сюжэце – заўв. аўт)?
Шчарбакоў заявіў, што яму дастаткова было паказанняў сведак, каб абвінаваціць Аліну ў працы без акрэдытацыі і ніякай іншай працы ён не праводзіў.
У адказ на гэта Скребунова пацікавілася, як менавіта праходзіла апытанне сведак і як менавіта ён выклікаў іх у пастарунак. Аказалася, што Ярмаленкова і Карэнная сапраўды не ведалі, што пытацца іх будуць пра фрылансерку.
– Я абраў добрапрыстойную падставу, каб яны прыйшлі, – прызнаўся Шчарбакоў. – Затым правёў апытанне. Тым больш скаргі на брэх сабак у тым раёне пастаянна паступаюць.
Пры гэтым міліцыянт парушыў парадак апытання – дапытаў двух чалавек адначасова, што забаронена ПВКаАП.
Аліна Скрэбунова папрасіла суд звярнуць увагу на тое, што паказанні сведак былі здабытыя з парушэннем і не могуць быць асновай для абвінавачвання.
Таксама фрылансер хадайнічала аб выкліку на працэс аўтаркі сюжэту Насты Ільіной. Суддзя Наталля Ясенка адхіліла хадайніцтва, матываваўшы тым, што невядомыя ні кантакты, ні месца жыхарства Ільіной.
Яна вынесла за гадзіну перапынку – Скрэбунову прызналі вінаватай і далі 20 базавых велічынь штрафу.
“Сённяшняе рашэнне – ганьба для судовай сістэмы“
Фрылансерка рашэнню суда здзівілася:
– Нішто не казала, што мяне могуць пакараць штрафам, міліцыя не сабрала доказаў, справа развальвалася на ўсіх этапах. Гэта відавочны палітычны заказ, згодна з якім суддзя павінна была вынесці менавіта гэтае рашэнне. Я звязваю гэта з ціскам на БелСАТ па ўсёй краіне.
Скрэбунова запэўніла, што будзе абскарджваць рашэнне суда.
Праваабаронца Барыс Бухель, які дапамагаў дзяўчыне рыхтавацца да суда, таксама збянтэжаны вынікам:
– Суддзя мякка сцяліла на працягу ўсяго працэсу, але рашэнне ўсё роўна апынулася такім. Гэта поўнае беззаконне – суддзя наплявала на відавочныя нестыкоўкі ў пратаколе, парушэнні міліцыі. Участковы прама прызнаўся ў парушэннях – ён апытваў абедзвюх сведак адначасова, а перад гэтым выклікаў іх ня позвай, а пад «добрапрыстойнай падставай». Па сутнасці – схлусіў! Сённяшняе рашэнне – ганьба для судовай сістэмы, – сказаў на заканчэнне Бухель.