Напярэдадні ўдакладнілі, хто з іх вучыцца на бюджэтнай аснове, а таксама папрасілі прынесці пашпарты.
30 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі / На фота – Алег Дзячэнка злева, здымак носіць ілюстрацыйны характар, msu.by
Адразу некалькі студэнтаў факультэта матэматыкі і прыродазнаўства МДУ ім. А.А. Куляшова паведамілі аб адміністрацыйным рэсурсе, які выкарыстоўвае кіраўніцтва ВНУ дзеля рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі.
Згодна з іх інфармацыі, у чацвер дэкан факультэта Наталля Саковіч папрасіла іх прынесці пашпарты на экзамен, які павінен быў адбыцца ў пятніцу 29 траўня. Акрамя таго, лаяльныя кіраўніцтву студэнты высвятлялі, хто вучыцца на бюджэтнай аснове, а хто – на платным.
Экзамен студэнты здалі «аўтаматам». Але перад тым, як выйсці з аўдыторыі, іх прапускалі праз сумежны кабінет, у якім знаходзіўся прарэктар ВНУ Алег Дзячэнка, які таксама з’яўляецца дзеючым сенатарам Савета Рэспублікі (верхняй палаты парламента).
Ён прапаноўваў студэнтам паставіць подпіс за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
Праваабаронцы “Магілёўскай вясны”, якім трапіла некалькі запісаных аўдыёзапісаў размовы, адзначаюць, што, як такога прымусу з боку прарэктара не чуваць. У той жа час, невядома, якія санкцыі могуць распачаць супрацоўнікі адміністрацыі ВНУ у далейшым да тых, хто падпісацца адмовіўся.
Акрамя таго, праваабаронцы ўпэўненыя, што выкарыстанне “подначаленных” дэканаў, педагогаў і навучэнцаў для правядзення такіх гутарак – гэта відавочнае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу. Таксама на аўдыёзапісах чуваць, што Дзьячэнка праводзіць агітацыю за подпіс за яго кандыдата.
Вось некаторыя з яго рэплік, якія вы можаце пачуць на запісы ў канцы тэксту:
“Растлумачу, чаму я за Аляксандра Рыгоравіча. Таму што ён наш выпускнік гістарычнага факультэта. 1975 года. Ён перамог на першых выбарах 1994 года, перамагаў далей. Мы заўсёды падтрымліваем сваіх”.
“Тут няма ніякага адміністрацыйнага, там, нічога … Проста я папрасіў дэкана факультэта, ну, улічваючы, што вы зараз хто на удалёнке, хто так, і гэтак далей, і гэтак далей .. [неразборліва] арганізавана было».
«Я вось скажу. Шмат жадаючых як з Захаду, так і з Усходу проста падзяліць нас… У яго ёсць шмат памылак. Шмат. Шмат… Але самае галоўнае, што ён [Лукашэнка] нас не здасць. І за 20 гадоў ён паказаў, што ніколі нас не аддаваў ».
Таксама Дзячэнка шмат казаў пра карупцыю, якой шмат у Расіі і Украіне, супраць якой змагаецца Лукашэнка. Не забыўся ён і аб міласэрнасці дзеючага прэзідэнта, успомніўшы нейкага памілаванага “пракурора”.
Пачуць усе можна ніжэй: