Былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Иннавэйшн» застаўся ў статусе асобы «схільнай да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў».

16 студзеня. Шклоў. Алесь Святліцкі. На здымку – ПК №17 г. Шклоў (газета “Ударны фронт”)


Андрэй Бандарэнка, які зараз адбывае пакаранне ў магілёўскай турме №4, 16 студзеня абскардзіў у раённым судзе Шклова пастаноўку на прафілактычны ўлік як асобы, «схільнай да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў».

Як вынікае з тлумачэнняў Бандарэнкі, ён даведаўся пра тое, што адміністрацыя шклоўскай ПК-17 паставіла яго на ўлік тады, калі ўжо ішоў суд аб пераводзе яго ў магілёўскую турму №4. Ён спрабаваў абскардзіць свой статус праз дэпартамент выканання пакаранняў і абласную пракуратуру, аднак абедзве інстанцыі яму адмовілі. Пасля гэтага ён звярнуўся ў Генеральную пракуратуру, але і там рашэнне адміністрацыі шклоўскай ПК №17 пакінулі ў сіле.

Працэс, які доўжыўся паўтары гадзіны, вяла суддзя Святлана Баранцава. Выслухаўшы довады прадстаўніка Бандарэнкі, яна пастанавіла адмовіць у задавальненні скаргі, бо, на яе думку, быў прапушчаны тэрмін абскарджвання.

Праваабаронца Барыс Бухель, які здзяйсняў маніторынг працэсу, падзяліўся меркаваннем, што рашэнне суда магло быць іншым:

– Па логіцы суддзі, Бандарэнка не павінен быў марнаваць час на абскарджанне ў ДВП і пракуратуру, а адразу звярнуцца ў суд. Аднак і ДВП, і пракуратура могуць зняць зняволенага з прафілактычнага ўліку, то бок гэта рэальная магчымасць вырашэння праблемы. Такім чынам, Бандарэнка проста пайшоў уверх па інстанцыях, што ў дадзеным выпадку выглядае апраўданым, аднак суддзя адмовілася гэта ўлічваць, хоць, як сказаў адвакат, такі парадак прапісаны ў крымінальна-выканаўчым кодэксе РБ.

Гэта ўжо шостая ці сёмая незадаволеная скарга Бандарэнка ў судзе за апошнія некалькі месяцаў. Усе – па спагнаннях з боку ўстаноў выканання пакарання. Практычна ў кожным выпадку суддзі адмаўлялі Бандарэнке з-за заканчэння тэрмінаў абскарджвання. Выглядае так, што на праваабаронцу аказваецца сур’ёзны ціск і ўлады не хочуць, каб ён выходзіў на волю.

Адзначым, бягучы тэрмін пакарання ў Андрэя Бандарэнка заканчваецца 31 сакавіка 2017 года. Аднак калі яго прызнаюць вінаватым па крымінальнай справе, якая заведзеная супраць яго за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, ён можа атрымаць яшчэ да двух гадоў зняволення.

Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформа Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.