17 студзеня ўдзельнікі сустрэчы даведаліся, што трэба рабіць пры затрыманні, якім чынам павінен быць складзены пратакол і як паводзіць сябе ў судзе.

На працягу чатырох гадзін праваабаронца Барыс Бухель распавядаў слухачам пра асаблівасці адміністрацыйнага права ў Беларусі. Паколькі сярод прысутных было шмат грамадскіх і палітычных актывістаў, дыялог атрымаўся з яркімі прыкладамі.

Ужо традыцыйна для падобнага семінара Барыс Бухель надаў асаблівую ўвагу паводзінам чалавека на першых хвілінах затрымання.

– Супрацоўнікаў МУС ні ў якім разе нельга хапаць, павышаць голас на іх. Трэба адказваць спакойна і не панікаваць. Таксама абавязкова зафіксаваць час затрымання, – паведаміў праваабаронца. – Акрамя гэтага, шмат памылак затрыманыя дапускаюць пры складанні пратаколу, пра гэта мы таксама казалі даволі шмат.

Па назіраннях Барыса Бухеля, удзельнікі семінара ўспомнілі досыць шмат момантаў, калі яны вялі сябе не так, як варта было б у такіх сітуацыях.

– Для гэтага і патрэбныя такія сустрэчы, – сказаў праваабаронца карэспандэнту нашага сайта. – Таксама мы пагаварылі аб тым, як трэба паводзіць сябе ў судзе: што не трэба выкрыкваць з месца, што неабходна адключаць гук у мабільных тэлефонах. Гэта быццам бы вядомыя рэчы, але вельмі часта хто-небудзь, ды зробіць нешта не так.

Як заўважыў Барыс Бухель, бабруйскія актывісты, палітыкі і журналісты здаліся яму больш салідарызаванымі, чым прадстаўнікі грамадска-палітычнай супольнасці Магілёва.

– Гэта было бачна і па тым, як аператыўна яны сабраліся на сустрэчу, і па тым, як яны камунікуюць паміж сабой. Магілёўцам чамусьці гэтага не хапае, – зазначыў праваабаронца.

Семінар быў праведзены па запыце прафсаюза працоўных радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).