Магілёўская епархія РПЦ аб’явіла збор «Велікодная дапамога Данбасу». Акцыя будзе доўжыцца з 15 красавіка па 14 траўня.
Збор гуманітарнай дапамогі “для пацярпелых ад баявых дзеянняў” будзе праходзіць у абразовых крамах пры кожным храме епархіі. Сваё благаслаўленне (то бок, заклік) на гэта даў арцыбіскуп Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. Гаворка ідзе аб наступнай дастаўцы тавараў на акупаваную Расіяй тэрыторыю Украіны.
Храмы публікуюць “Рэкамендаваны спіс прадметаў“, у якім каля сотні найменняў – ад прадуктаў харчавання хуткага прыгатавання да медпрэпаратаў, уключаючы джгуты Эсмарха для спынення крывацёку пры раненнях канечнасцяў.
Акрамя таго, Магілёўская епархія заклікае прыхаджан унесці фінансавае ахвяраванне на рэспубліканскі рахунак мясцовага дабрачыннага фонду імя Аляксея Талая, які знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і ЗША за незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. Пры храмах ужо раздрукаваны падрабязныя інструкцыі, як гэта зрабіць.