Натхніўшыся хайпам вакол фотасесіі з аголенымі дзяўчатамі, ініцыятыва «Захаваем Пячэрскі лесапарк» абвясціла конкурс фота і відэасюжэтаў.

18 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – Дар’я Сакалова, фотапраект LUNGS


Ініцыятыва «Захаваем Пячэрскі лесапарк», якая змагаецца за выратаванне самай вялікай зялёнай зоны на тэрыторыі Магілёва, абвясціла конкурс фота і відэа работ.

Па словах аднаго з удзельнікаў ініцыятывы Мікалая Суворава, фатографам для ўдзелу трэба апублікаваць на сваёй старонцы «Укантакце» здымак з #СохранимПечерск і #конкурс2017 . Калі арганізатары прымуць працу – яны зробяць рэпост фота на старонку конкурсу .

Што тычыцца відэа, то ўдзельнікам трэба даслаць спасылку на запампоўку сваёй працы. Калі ролік падыходзіць, то ён загружаецца на Youtube -канал ініцыятывы і таксама публікуецца на старонцы конкурсу «Укантакце».

– Калі б не Дар’я Сакалова з яе фотапраектам LUNGS , то, магчыма, ідэя гэтага конкурсу i не нарадзілася б. Прынамсі, не ў такіх маштабах дакладна. Я лічу, што перыядычна трэба рабіць такія правакацыйныя праекты, якія нібы кінуты велізарны камень у ціхі вір. Таму ў канчатковым выніку, усё што ні робіцца – да лепшага. Галоўнае – каб без адкрытай «чарнухі». Першапачаткова рамкі конкурсу ўсталёўваліся наступныя: знята павінна быць на тэрыторыі Пячэрскага лесапарку і ў рамках закона. Таму я чакаю працы ў дыяпазоне ад лавсторы да вострасацыяльных экапраектаў, – заявіў Сувораў.

У ролі партнёраў конкурсу выступаюць кінаклуб «451 F» і фотаклуб «Вясёлка». Таксама ідзе пошук камерцыйных партнёраў.

Прыём працаў адбудзецца да 18 кастрычніка. 21 кастрычніка будуць аб’яўлены пераможцы.