З 22 па 24 сакавіка ў расійскім горадзе пройдзе супольны расійска-беларускі форум спецыялістаў у вобласці патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. Спіс выступоўцаў выклікае пытанні.
18 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі/photo – vk.com/official_vpc_vympel
Арганізатарамі форума выступілі Смаленскае абласное таварыства «Расійскі Саюз Моладзі» і філіял вайскова-патрыятычнага цэнтра «Вымпел» у Смаленску. З Беларусі на імпрэзу ў першую чаргу чакаюць прадстаўнікоў рэгіёнаў – верагодна, Магілёўскага і Віцебскага. Пашырэнне расійскага ўплыву ў гэтых абласцях для службоўцаў з РФ застаецца адным з важных пытанняў.
Паводле праграмы Форума, 23 сакавіка гасцей форума чакае сустрэча з даверанай асобай Уладзіміра Пуціна, кіраўніком вайскова-патрыятычнага цэнтра «КУОС-Вымпел» Святаславам Амельчанкам.
Амельчанка – зацяты прыхільнік далучэння Крыма, а сама арганізацыя «Вымпел» вядзе актыўную дзейнасць у анэксаваным Крыме, пра што сама ж расказвае на сваім афіцыйным сайце.
Прыкладам, у ліпені 2014-га і 2015-га гадоў арганізацыя, што функцыюе за кошт грантаў Прэзідэнта РФ, арганізавала форум «Таўрыда». У 2015 годзе ВПЦ «Вымпел» і Асацыяцыя студэнцкіх спартовых клубаў Расіі правялі супольны вайсковай-спартовы лагер для крымскай моладзі.
Кіраўнік ВПЦ «Вымпел» Святаслаў Амельчанка 2016 году заявіў, што «Крым і Севастопаль — гэта спадчына Расіі. ВПЦ «Вымпел» працягне актыўную працу па развіцці патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі ў Крымскам федэральнай акрузе і яшчэ большая колькасць дзяцей зможа далучыцца да гістарычнай спадчыны нашай неабсяжнай Радзімы».
Нагадаем, што Беларусь на міжнародным узроўне адмовілася прызнаваць анэксію Крыма законнай.
Удзел беларусаў у падобным форуме ў той час, калі ідуць актыўныя размовы пра «анэксію Беларусі», выглядае дзіўным. Асабліва калі мерапрыемства часткова арганізуе ВПЦ «Вымпел», непасрэдна уцягнуты ў «ідэалагічную» анексію Крыма.
Апроч Амельчанкі і працы па секцыях, гасцей форума чамусьці чакае яшчэ і «адкрыты дыялог з прадстаўнікамі сілавых структур Смаленскай вобласці».
Мерапрыемства арганізуецца ў рамках рэалізацыі гранта прэзідэнта Расійскай Федэрацыі.