На чыім баку Яраслаў Грыгор’еў?
13 снежня. Магілёў. Алесь Святліцкі
9 снежня ў афіцыйнай групе апазіцыйнага руху «За Свабоду» абвясцілі аб абранні новага каардынатара па Магілёўскім рэгіёне. Новым кіраўніком стаў Пётр Мігурскі, кандыдат эканамічных навук, былы дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта.
Таксама была абранаы рэгіянальная Рада – у яе ўвайшлі юрыст Андрэй Куракоў і студэнт Беларускага інстытута правазнаўства Яраслаў Грыгор‘еў (на фота – злева).
Менавіта з’яўленне апошняга ў абласным кіруючым органе апазіцыйнай арганізацыі выклікала здзіўленне ў некаторых журналістаў і палітыкаў Магілёва.
У ЧЫМ СПРАВА?
Яраслаў Грыгор’еў з’яўляецца старшынёй Моладзевага парламента г. Магілёва пры гарадскім Савеце дэпутатаў, а таксама ўзначальвае першасную арганізацыю БРСМ у сябе ў ВНУ.
Відавочна, што яго наўрад ці можна назваць апазіцыянерам – ён актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах з дзеючымі чыноўнікамі. Напрыклад, напрыканцы кастрычніка, як адзначаецца ў афіцыйнай групе Моладзевага парламента «Укантакце», Грыгор’еву разам з калегамі «атрымалася годна прадставіць праведзеную працу і прыняць удзел у сустрэчы намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Рыгоравіча Жаўняка з ідэалагічным актывам Магілёўскай вобласці».
Для маладых парламентарыяў, сярод якіх быў і Грыгор’еў, «вельмі важнымі сталі словы Уладзіміра Рыгоравіча аб неабходнасці пераходу ад уздзеяння на аўдыторыю да ўзаемадзеяння з ёй».
Там жа пазначана, што ў нефармальнай абстаноўцы маладым людзям удалося абмеркаваць хвалюючыя пытанні з памочнікам Аляксандра Лукашэнкі Генадзем Лаўрэнковым.
Рух «За Свабоду» выступае за змену існуючай улады і актыўна рыхтуецца да наступных прэзідэнцкіх выбараў. Лідар руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч у адным з інтэрв’ю заявіў, што «Лукашэнка завёў краіну ў тупік», і што «галоўная яго мэта – як мага даўжэй быць пры ўладзе». А Пётр Мігурскі, новы каардынатар па Магілёўскай вобласці, з’яўляецца аўтарам артыкула, у якім прапануе Лаўрэнкову «сысці на пенсію, каб той не блытаўся пад нагамі ў народа».
Чаму ж Грыгор’еў, які, відавочна, падтрымлівае дзеючую ўладу, увайшоў у кіруючы орган апазіцыйнага руху? Пра гэта мы папрасілі расказаць Пятра Мігурскага:
– Асабіста мне Грыгор’еў спадабаўся, хоць я яго бачыў упершыню і зусім не ведаю яго біяграфію. Больш за тое, пытанне гэтае не зусім да мяне – ён быў прыняты ў шэрагі руха адносна даўно, займае актыўную пазіцыю і па сваёй пазіцыі ён больш дэмакрат, чым будучы чыноўнік-бюракрат. А далей… жыццё пакажа. Тым больш што можна пагаварыць з ім наўпрост і даведацца яго думкі, – параіў Мігурскі.
Нажаль, ад каментароў Яраслаў адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што «ён не хоча лішні раз да гэтай тэмы прыцягваць увагу па відавочным прычынах», бо міліцыя задаецца пытаннямі з нагоды мінулага інтэрв’ю нашаму сайту .
Зрэшты, зрабіць выснову аб тым, што старшыня Моладзевага парламента ўзмоцнена ўдзельнічае ў жыццё апазіцыйнага руху можна і так. Пасля ўдзелу ў «Форуме беларускай моладзі» Грыгор’еў у каментары для афіцыйнага сайта «За Свабоду» заявіў :
– Я прыехаў, каб зблізіцца з калектывам, так як гэта наша мерапрыемства, руху «За Свабоду». Тут шмат новых людзей, цікава ўбачыць тых, з кім я яшчэ незнаёмы.