Без усялякіх праграм падтрымкі і датацый.
8 лютага. Магілёў. ГЦ «Парк-Сіці». Алесь Святліцкі. Photo – fb.com/sasha.avdevich
За два тыдні працы кава-кропка людзей з інваліднасцю ў «Парк-Сіці» паказвае ўпэўнены рост. Ужо зараз паток кліентаў у будні дзень налічвае больш за шэсцьдзесят чалавек. У выходны – больш за сто. Як распавяла адна з інклюзіўных барыста Ганна Іванова, значная частка пакупнікоў адзначае, што іх кава лепш, чым у іншых месцах:
– Людзі ідуць, кава ім падабаецца. Многія ўжо адчуваюць розніцу паміж кавай, якая прадаецца ў іншых і нашай. Многія вяртаюцца ўжо не першы раз. Людзі купляюць і проста кававае зерне. Зараз развіваемся, рэгіструемся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Да гэтага ў нас была дамова на адзін месяц у «Парк-Сіці», цяпер ёсць дамоўленасць на больш працяглы час, – сказала дзяўчына.
Па яе словах, асаблівых цяжкасцей у кава-кропкі не было.Хіба што цяжка знайсці месца, дзе захоўваць тавар – гэта дадатковая арэндная плошча, якая каштуе значных грошай.Таксама інклюзіўныябарыстапакуль не могуць вырашыць праблему «з рукамыйніцай»:
– Гаворка нават не пра каналізацыю, а каб было зручней чысціць і мыць абсталяванне. Даводзіцца ўвесь час з вёдрамі пакуль цягацца. Вось і ўсе, напэўна, цяжкасці пакуль што, – пракаментавала Ганна.
А як рэагуюць на інклюзіўных барыста наведвальнікі?
– Добра рэагуюць, не было ніякіх казусаў у гэтым плане, усё нармальна.
У будучыню Ганна разам з калегамі глядзіць з аптымізмам – яны ўпэўненыя, што ўсё атрымаецца і кава-кропка стане прыбытковым бізнэсам.
Яе запусцілі пасля таго, як чацвёра вазочнікаў з Магілёва прайшлі навучанне ў праекце актывіста Сашы Аўдзевіча «Інклюзіўны барыста». На працягу трох дзён Ганна Іванова, Андрэй Царэнка, Анастасія Шмыгава і Дзмітрый Архіпенка вучыліся прафесійна гатаваць каву ў кафэ «Палерма», пасля чаго хлопцам і дзяўчатам быў дадзены шанец на працягу месяца даказаць прыбытковасць сваёй уласнай кава-кропкі.