Відэа, фота і забіяцкі тэкст пра самае вясёлае палітычнае мерапрыемства ў Магілёве за апошні год.

28 ліпеня. Магілёў. Гандлёвы цэнтр «Перекресток», вул. Касманаўтаў, 2. Тэкст, фота і відэа – Алесь Святліцкі.


Вялікі гандлёвы цэнтр «Перекресток» на скрыжаванні вуліцы Касманаўтаў і праспекта Міра. Кожную хвіліну з яго ўваходзяць і выходзяць дзесяткі чалавек. Некаторыя з іх са здзіўленнем рэагуюць на групу людзей пад вокнамі цэнтра, частка з якіх раздае нейкія ўлёткі, іншая частка стаіць каля стэндаў з партрэтамі, а трэцяя лавіруе паміж мінакоў са стосамі аркушаў, у якіх просіць распісацца. Неўзабаве ад іх аддзяляецца мужчына ў джынсах, сіняй кашулі і карычневых туфлях. З вусамі. Ён падымае мегафон і з яго вуснаў вырываецца злая гаворка пра тое, што ў Беларусі каторы год няма сумленных выбараў. Няма працы. Няма годнага жыцця. Прычына адна – улада. Каб жыць лепш, гэтую ўладу трэба змяніць.

IMG_0958

***

Чалавек з мегафонам – Анатоль Лябедзька, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі. У самы гарачы дзень тыдня ён разам са сваім калегам, старшынёй аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Віталем Рымашэўскім прыехаў з Мінска ў Магілёў, каб падтрымаць сваіх вылучэнцаў. На гэтых выбарах АГП і БХД ідуць у адной шарэнзе як правацэнтрысцкая кааліцыя, куды ўваходзіць яшчэ і рух «За Свабоду».

IMG_0939

– Мільён гастарбайтэраў, вы чуеце, магілёўцы? Гэта годны ўзровень жыцця? Працы няма – і пасля гэтага з нас яшчэ бяруць падаткі. Дваццаць гадоў улада спрабуе нажыцца на людзях. На вас, магілёўцы! Дома, у сваіх кватэрах, вы абмяркоўваеце гэта ўсё, вы самі разумееце і ўсё бачыце. Давайце разам зробім жыццё лепш! Выбірайце годных людзей, – роў мегафон.

– Чо ён гарлапаніць так, дурань! – с заткнутымі вушамі прамармытала сталая жанчыя, якая выйшла з «Перекрестка».

– Самы галоўны дурань ў нас сядзіць ва ўладзе, – адразу адрэагаваў Уладзімір Шанцаў, кіраўнік АГП па Магілёўскай вобласці, які стаяў побач.

IMG_0966 IMG_0949 IMG_0944

Жанчына сышла, сціснуўшы вусны, але так нічога і не адказаўшы. Услед за ёй йшлі яшчэ некалькі гараджан, якія раздражнёна паглядалі у бок Лябедзькі. Зрэшты, выступ скончыўся. Павесіўшы мегафон на плячо, кіраўнік АГП адправіўся размаўляць са сваімі паплечнікамі і завабліваць людзей падпісвацца за кандыдатаў. У гэты час Віталь Рымашэўскі разам з іншымі хрысціянскімі дэмакратамі старанна раздаваў улёткі з праграмай БХД. Мегафон ў гэты вечар ён узяў толькі аднойчы, ды і то ненадоўга, вырашыўшы, мабыць, што раздачай друкаванай прадукцыі дасягнеш большага. І дасягнуў.  З «Перекрестка» выйшлі ахоўнікі, якія славесна счапіліся з удзельнікамі пікету, прыстрашыўшы, што яны выклікаюць міліцыю.

– Выходзяць, галоўнае, і кажуць – пікет у вас забаронены, улёткі раздаваць нельга, зараз выклікаем міліцыю. А я ім кажу, ну калі стукачы, калі гатовыя «здаць», то калі ласка, тэлефануйце, у КДБ тэлефануйце, у міліцыю, грошай вам там дадуць. Ну яны тыпу міліцыю выклікалі, ды не едзе ніхто, таму што пікет у нас дазволены, а яны не разумеюць, стукачы, – заявіў задаволены Шанцаў, калі я спытаў у яго падрабязнасці таго, што здарылася.

Міліцыя, праўда, на пікеце пабывала. Але ўжо з іншай нагоды.

***

У самы разгар мясцовага палітычнага свята да ўдзельнікаў непрыкметна падышоў невысокі сівы мужчына, ў бэжавым пола і джынсах. З боку выглядала, што ён проста размаўляе з удзельнікамі пікету, аднак ён раптам пачаў крычаць і замахнуўся на Лябедзьку. Да яго адразу сцягнуліся некалькі чалавек. У злосці мужчына крычаў, што пікет трэба разагнаць, што апазіцыянеры – [дрэнныя людзі]. Потым ён ізноў палез у бойку – лупануў нагой Шанцава, штурхнуў Рымашэўскага, выбіў тэлефон з рук журналіста Уладзіміра Лапцэвіча і амаль дастаў з размаху кулаком твар Лябедзькі.

IMG_0968 IMG_0971 IMG_0973  IMG_0978

Амаль – на відэа выдатна відаць, як своечасова старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўвярнуўся ад удару.


Пасля нападнік хацеў схавацца ў сваімдоме, аднак Рымашэўскі, Лапцэвіч і старшыня магілёўскіх Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Андрэй Бодзілеў не адпусцілі яго, пакуль не высветлілі, дзе ён жыве.

– Адпусціце яго, гэта ж хворы чалавек! Што вы робіце, – абурыўся сусед буяна, які праходзіў недалёка.

Рымашэўскі паспрабаваў апраўдацца:

– Ён напаў на пікет, вы разумееце? А нядаўна ён сказаў, што яшчэ і нож дома возьме. Пакуль не прыедзе міліцыя, мы яго не выпусцім.

– Якая міліцыя! Ён хворы! Натоўпам яго трымаеце, – злаваўся сусед. Ён сказаў, каб нападнік сказаў нумар кватэры, пасля чаго яго адпусцілі.


***

Хворым скандаліст не быў. Участковы, які прыбыў праз паўгадзіны, стомлена запісаў паказанні Бодзілева і сказаў, што такія геройствы для гэтага мужчыны – не рэдкасць.

– Я не ведаю, ці трэба на яго складаць пратакол. Можа, проста падыдзеце і прыстрашыце? – Рымашэўскі, мабыць, збольшага пашкадаваў суперніка.

– Складзем на адміністрацыйнае правапарушэнне, дробнае хуліганства, – адказаў участковы, пасля чаго накіраваўся да яго дадому.

IMG_1028

– Ты думаеш,  будзе што-небудзь, – спытаў у мяне доўгавалосы хлопец з МХД Зміцер Толсцік, удзельнік пікету. Я толькі паціснуў плячыма. Паступова пікет вярнуўся ў працоўны стан – сцягі развіваліся, удзельнікі чакалі подпісаў, выбаршчыкі гэтыя подпісы пакідалі са скрыпам.

– Збіраем подпісы за вылучэнцаў у кандыдаты у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Не жадаеце пакінуць подпіс, – ласкава прапанаваў Толсцік хлопцам на роварах.

Тыя адмовіліся.

IMG_1023

– Я ў Польшчу гады праз чатыры паеду, мне палітыка беларуская па баку, – ляніва заўважыў адзін з іх. Абдумаўшы хвіліну, ён раптам спытаў:

– А вось гэтыя сцягі, хіба яны не забароненыя? Зараз міліцыя прыедзе і вас схопіць ўсіх, – сказаў ён з атрутай ў голасе. Доўгавалосы пусціўся ў доўгія тлумачэнні пра нацыянальны сцяг і выбарчую кампанію – адзіны час, калі ў Беларусі можна паказваць і казаць тое, ад чаго хочуць пазбавіцца беларускія ўлады з 1996 года.

***

Большасць з магілёўцаў ставіліся да таго, што адбываецца са скептыцызмам. Народная думка, якую выказвала большасць, ішла па двух сцяжынках:

Альбо ўсё дрэнна, але змяніць нічога нельга.

Альбо ўсё не так дрэнна, таму лепш нічога не мяняць.

Нешматлікія вырашалі пакінуць свае подпісы – вакол чалавека адразу арганізоўвалася невялікая група пікетоўцаў, якая сачыла, як ён распісваецца ў запаветным бланку. Падобным чынам збіраюцца рыбакі вакол вуды, паплавок якой гуляе на вадзе.

IMG_0987 IMG_0981 IMG_0986 IMG_1037 IMG_1034 IMG_1032

Гэты пікет – пакуль самая гарачая падзея, якая была падчас гэтай выбарчай кампаніі. Магчыма, будзе яшчэ больш горача, але ў гэта верыць не хочацца – не ва ўсіх ёсць такая рэакцыя, як у Лябедзька. Ды і ў бойку можа палезці мужчына не ў бэжавым, а ў шэрым.