За відэаролік пра кава-кропку, дзе працуюць людзі з інваліднасцю, суддзя Аксана Ратнікава дала штраф у 50 базавых велічынь.

11 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Суд Ленінскага раёна 11 красавіка аштрафаваў журналістку Аліну Скрэбунову за «удзел у незаконным вырабе прадукцыі СМІ» на 1250 рублёў.

Дзяўчыне паставілі ў віну выраб рэпартажу пра адкрыццё інклюзіўнай кавярні ў ГЦ «Парк-Сіці», дзе працуюць толькі людзі на інвалідных вазках. Нягледзячы на тое, што відэа ніяк не парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь і нават фіксуе станоўчы прыклад для горада, міліцыя завяла ў дачыненні да Скрэбуновай справу за адміністрацыйнае правапарушэнне.

Галоўная прэтэнзія – супраца Аліны з тэлеканалам «БЕЛСАТ», які не можа атрымаць акрэдытацыю ў беларускіх улад і для якога яна зрабіла сюжэт.

Як высветлілася, увесь адміністрацыйны працэс у дачыненні дзяўчыны праходзіў са шматлікімі парушэннямі. Па словах Скрэбуновой, участковы Антон Гейгер, аказваў ціск на сведкаў, у якіх браў тлумачэнні: паказваў ім толькі адзін фотаздымак, каб яны апазналі ў Аліне журналістку, якая рыхтавала матэрыял. Хоць па правілах ён павінен быў паказаць 3-4 фота розных твараў.

Ён падаў інфармацыю, як даказаны факт, пад якім сведкі павінны былі падпісацца. Хоць сведкі самі павінны былі расказаць, што яны помняць і як было насамрэч, — расказвала Скребунова.

Праваабаронца Барыс Бухель паведаміў, што пераслед журналісткі супрацоўнікамі міліцыі з’яўляецца наўпростым парушэннем канстытуцыйнай свабоды слова, а таксама Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

— Аліне прыпісваюць удзел у незаконным вырабе прадукцыі СМІ, хоць такога пункта ў кодэксе нават няма.

З-за шматлікіх парушэнняў пры правядзенні адміністрацыйнага працэсу матэрыялы справы з суда адпраўляліся на дапрацоўку. 12 красавіка мінаў тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, таму, напэўна, міліцыя паспяшалася ўсё ж пакараць журналістку і даволі хутка перарабіла матэрыялы справы.

11 красавіка прэтэнзій да пратаколаў ў суддзі Ратнікавай больш не было. Яна вынесла рашэнне пра штраф у 50 базавых велічынь. На просьбу Скрэбуновай патлумачыць, за што менавіта яе пакаралі, суддзя Ратнікава адказваць адмовілася.