Алега Аксёнава звезлі ў Ленінскі РАУС а 9:30.
14 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі. На здымку – Алег Аксёнаў падчас прэсавай канферэнцыі па выніках збору подпісаў супраць Дэкрэту №3, студзень 2017.
Інфармацыю пра гэта пацвердзіў праваабаронца Барыс Бухель, з якім паспеў звязацца Аксёнаў. Паводле яго слоў, лідэру магілёўскіх хрысціянскіх дэмакратаў раніцай 14 сакавіка патэлефанаваў маёр Яўген Слаўнікаў і запрасіў а 11-ай раніцы ў райаддзел. Палітык у адказ запатрабаваў позву.
А палове дзясятага да яго дадому заявіліся супрацоўнікі міліцыі з позвай, на якой быў пазначаны час яўкі 09:30. Аксёнава забралі.
Нагадаем, што на яго была заведзеная справа аб адміністрацыйным правапарушэнні за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства 19 лютага. 9 сакавіка высветлілася, што суд вярнуў пратакол аб правапарушэнні назад у РАУС з-за шматлікіх памылак.