Пагаварылі з магілеўцам унікальнай знешнасці пра тое, як ён адчувае сябе ў нашай краіне, як рэагуе на крытыку і што такое норма.

29 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Здымкі – акаўнт Рамана Гамезы “Укантакце”


Раман Гамеза – андрагін. Дакладней, так лічыў я, калі прасіў у яго інтэрв’ю, на што ён мне адказаў, што лічыць за лепшае ніяк сябе не ідэнтыфікаваць.

Аднак для навакольных Рома выглядае падобным і на хлопца, і на дзяўчыну. Такое спалучэнне, на самай справе, не рэдкасць – шмат хто ведае акторку Тыльду Суінтан і фронтмэна гурту Placebo Браяна Молка, якіх  прынята адносіць да андрагінаў. Але адна справа, калі ты зорка сусветнага маштабу, і зусім іншае – калі ты жыхар горада, у якім выходзіць газета «Вячэрні Магілёў».

 Раскажы, калі ласка, пра сябе. Што натхняе па жыцці?

– Вучуся ў МДУ імя Куляшова, перыядычна друкуюся ў розных выданнях з прафесійнай цікавасці. Захапляцца чымсьці канкрэтным асабліва няма часу. Вольны час праводжу ў сне ці за кнігай. Стараюся надаць увагу рукадзеллю і старому кіно, занятак якімі атрымліваецца даволі ўдала спалучаць. Не магу сказаць, што натхненне можа быць чым-небудзь ці кім-небудзь выклікана, але часцяком адчуваю натхненне ў прысутнасці шчаслівых людзей. 

 Перад пачаткам гутаркі ты сказаў, што аддаеш перавагу ніяк сабе не ідэнтыфікаваць. Чаму?

– Таму што практычна любая ідэнтыфікацыя (за выключэннем біялагічнай) альбо ілжывая, альбо часовая. Мне не падабаюцца такія характарыстыкі, аддаю перавагу мець справу з пазачасавымі паняццямі. 

– У цябе знешнасць, якую людзі могуць назваць нестандартнай. Чаму такі імідж?

– Імідж, па маіх назіраннях, выбіраюць менавіта тыя, хто мала што з сябе ўяўляе, альбо не ў стане вырашыць што-небудзь. Большасць людзей выглядаюць так, як лічаць патрэбным, не абмяжоўваючы сябе рамкамі нейкага канкрэтнага ладу. Сапраўдная асоба і нават цалкам адэкватны індывід наўпрост не зможа ўпісацца ў гэтыя самыя рамкі. Імідж – гэта карцінка, але ніяк не чалавек, у агульным і цэлым.

– Наколькі камфортна чалавеку, які адмаўляецца выглядаць як усе, жыць у Магілёве і ў Беларусі ўвогуле?

– Выглядаць «як усе» азначае адмовіцца ад уласнага меркавання. На самай справе досыць малая колькасць людзей задумваецца пра тое, як яны выглядаюць і ці адбіваецца іх асоба вонкава. Большасць проста не задумваецца пра такія рэчы, ім гэта не трэба. Яны занятыя справай, якая захапляе іх больш за самалюбаванне. А ў краіне, дзе ёсць падатак на дармаедства і смяротнае пакаранне, занятыя … усе? 

 З якой самай жорсткай негатыўнай рэакцыяй ты сустракаўся па жыцці, звязанай з тваёй знешнасцю?

– Негатыўную рэакцыю, на мой досвед, больш правакуюць задзірлівыя паводзіны, чым асаблівасці знешняга выгляду. Да гэтага часу мне дапамагае пурытанскае выхаванне і дыпламатычныя навыкі, якія прыйшлі як раз з вопытам вырашэння такога роду канфліктных сітуацый. Самай суровай сітуацыяй можна назваць выпадак, калі нейкія п’яныя спартыўныя фанаты спрабавалі падпаліць маю вопратку, аднак на дапамогу мне прыйшлі ўдзельнікі іншага фан-клуба, толькі цвярозыя (смяецца). 

– Для любога чалавека норма – гэта нешта сваё. І, відавочна, для голеных хлопцаў з раёна вы нормай наўрад ці будзеце з’яўляцца. Што тады норма для цябе?

– Голеныя хлопцы з раёна бываюць зусім розныя, і з некаторымі дагэтуль даводзіцца весці вельмі прыемнае знаёмства. У мае паняцце нормы ўпісваецца чалавек, які не саромеецца сябе і не з’яўляецца закладнікам дурных перадузятасцяў, асабліва чужых. Людзі – дзіўныя істоты, і прырода дала ім розум і гаворку не для таго, каб яны хадзілі зграямі, варагавалі з-за глупства і спрабавалі дамінаваць першабытнымі метадамі. Норма – гэта калі чалавек не залежыць ад чужога меркавання і самастойна будуе сваё жыццё, свет вакол сябе, не спрабуючы пры гэтым парушыць чужыя межы.

 Калі з’явілася жаданне вылучацца? Як правіла, такія рэчы ідуць з дзяцінства ці я памыляюся?

– Ніколі не ўзнікала такога жадання, шчыра кажучы. Было жаданне адпавядаць свайму ўяўленню аб тым, што падабаецца, хочацца і «пасуе». З дзяцінства толькі непрыязнасць да чырвонага і памаранчавага колеру, а таксама да сінтэтычных матэрыялаў. Вылучацца чалавек пачынае сам па сабе, калі знаходзіць уласнае меркаванне і пункт гледжання, калі можа прапанаваць гэтаму свету нешта сапраўды каштоўнае.

 Як ставяцца да твайго іміджу бацькі?

– На дадзены момант – станоўча. У падлеткавым перыядзе меліся рознагалоссі, але ў каго іх не было (усміхаецца). Я ж не размалёваны і не разадзеты хаджу, ўмею ствараць правільнае ўражанне, не спрабую прыцягваць і ўжо тым больш перацягваць увагу.

 Вельмі шмат каму з таленавітых і проста неабыякавых да сябе людзей у Беларусі прыходзіцца цяжка. Яны з’язджаюць. Ці варта змагацца і рабіць грамадства вакол памяркоўней, у тым ліку, і дзякуючы сваім учынкам, альбо лепш з’ехаць? 

– Людзям так ці інакш даводзіцца цяжка, незалежна ад краіны або меры адоранасці. Адзін у полі не воін, а змагацца з беларускімі людзьмі ў прынцыпе не мае сэнсу. Гэтыя людзі памяркоўныя да нізкага заробку, агіднай інфраструктуры, нязменна адсталай навуцы і іншых дзіўных для нармальнага чалавека рэчаў. Калі хтосьці з іх пры ўсім гэтым нецярпімы да вонкавага выгляду старонняга чалавека, то можна смела выкрэсліць са спісу тых, на каго варта звяртаць увагу. Тыя, пра каго вы кажаце, з’язджаюць не проста так. Яны ўсвядомілі свой талент і нясцерпную патрэбу ягонай высокай ацэнкі. У прынцыпе не мае значэння, ёсць той талент ці не, але яны робяць выбар у бок той краіны, у якой ім хацелася б быць прызнанымі. І дзіва тое, што не заўсёды дзеля гэтага варта з’язджаць.

 З кім са знакамітасцяў ты б хацеў пагаварыць асабіста, калі б была такая магчымасць?

– У ЗША 40-х гадоў была цудоўная актрыса па імі Вераніка Лэйк. Менавіта яна стала прататыпам для аднаго з самых адкрытых мульт-персанажаў – Джэсікі Рэбіт. Той, хто не гатовы судзіць пра яе толькі па гэтым факце і адважыцца паглядзець некалькі чорна-белых нуар-кінастужак, зразумее мяне. Для ўсіх астатніх хопіць наступнага аргументу: рок і загана не заўсёды ідуць побач.

 Не ўспомню, у якім годзе, аднак я бачыў твой матэрыял-апытанку ў газеце “Вячэрні Магілёў”. Ужо ўсе, мабыць, ведаюць, што газета прытрымліваецца радыкальных кансерватыўных поглядаў. Калі ты публікаваўся там, ты адчуваў да сябе нейкае асабліва стаўленне?

– Не магу сказаць, што іх погляды такія ўжо радыкальныя і кансерватыўныя. Друкавацца там давялося ў апошні год гімназіі, так што калі б нейкае асаблівае стаўленне і было, то я б яго заўважыў адразу. Калі мяне не падводзіць памяць, гэтае выданне прыватнае і стабільна акупляе сябе, таму лепш працаваць там па іх правілах – а раптам паспяховыя людзі ў чымсьці маюць рацыю, напрыклад? 

 Уявім, што гэта інтэрв’ю чытае дзіця, які адрозніваецца ад аднагодкаў і не ведае, як яму паступаць. Што б ты яму параіў?

-Пускай дзіця жыве ў гармоніі з сабой. Самае галоўнае ў гэтым узросце – прызнаць сябе і не саромецца гэтага, каб у далейшым не стаць рабом чужой думкі і не абрасці комплексамі. Адносіны з аднагодкамі – у прынцыпе штука неабавязковая, а свае людзі знойдуцца без праблем і сваё месца зоймуць. Няхай гэтае дзіця паступае, прытрымліваючыся двух якасцяў – дабрыні і сумленнасці. Думаю, гэтыя якасці неабходны любому чалавеку, які хоча выгадаваць у сабе асобу.