Інтэгруемся, так бы мовіць.

26 верасня. Магілёў. Саша Мінько


Мерапрыемства прайшло ў Магілёве 19-21 верасня. Пасля таго, як магілёўскі часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE звярнуў увагу на тое, што прарасейскія арганізацый у Магілёве не афішуюць сваё мерапрыемства, з арганізатарамі форуму звязалася радыё «Свабода».

У інтэрв’ю карэспандэнту «Свабоды» кіраўнік сацыяльна-культурнай арганізацыі «Спадчына» Віталь Арцёмчык паведаміў, што ў форуме возьмуць удзел актывісты арганізацыі «Вымпел», які аб’ядноўвае ветэранаў КДБ СССР і ФСБ Расійскай Федэрацыі, але колькі іх будзе, ён сказаць не змог. Таксама ён адмовіўся раскрыць інфармацыю аб бюджэце мерапрыемства.

Партнёрам арганізатараў форуму выступіў Магілёўскі аблвыканкам, што пацвердзіла намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы Таццяна Меньшыкава. Па яе словах, дзейнасць спартыўна-патрыятычных клубаў, якія супрацоўнічаюць з расійскімі калегамі, праходзіць у рамках дзяржпраграмы падтрымкі патрыятычнай моладзі.

Расійскі бок выдаў падрабязнасці мерапрыемства ўжо пасля форуму. Аказваецца, што міжрэгіянальны форум кіраўнікоў і ўдзельнікаў моладзевых спартыўна-патрыятычных клубаў Магілёўскай вобласці і Смаленскай вобласці быў праведзены ў рамках рэалізацыі гранта прэзідэнта Расійскай Федэрацыі на развіццё грамадзянскай супольнасці, прадастаўленага Фондам прэзідэнцкіх грантаў.

Смаленскае аддзяленне Расійскага саюза моладзі паведаміла, што «Форум з’яўляецца працягам супрацоўніцтва Смаленскай абласной арганізацыі “Расійскі Саюз Моладзі” з Сацыяльна-культурным грамадскім аб’яднаннем “Спадчына” (г. Магілёў) і Беларуска-Расійскім універсітэтам».

Таксама РСМ раскрывае арганізатараў у наступнай паслядоўнасці:
«Арганізатары Форуму: Смаленская абласная арганізацыя “Расійскі Саюз Моладзі”, Сацыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне «Спадчына» (г. Магілёў), Міждзяржаўная адукацыйная ўстанова вышэйшай адукацыі “Беларуска-Расійскі ўніверсітэт”, Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама пры ўдзеле прадстаўніцтва Федэральнага агенцтва «Рассупрацоўніцтва» у Рэспубліцы Беларусь».

Атрымліваецца, менавіта РСМ правёў сваё мерапрыемства на тэрыторыі суседняй дзяржавы, а «Спадчына» выступае пастаянным партнёрам (замест, напрыклад, БРСМ) найбуйнейшай арганізацыі расійскай моладзі. Як адзін з плюсаў, РСМ выдае і спонсара мерапрыемства – грант прэзідэнта Расіі.

Са смаленскага боку ўдзельнікамі форуму сталі дзіцячы спартыўны клуб «Эверэст» і ваенна-патрыятычны цэнтр «Вымпел», які займаецца патранажам дзіцячых праваенных арганізацый.