У папраўчых калоніях і турмах здзяйсняюцца захады па недапушчэнні распаўсюду каранавіруса. Сярод родных асуджаных распаўсюджваюцца панічныя настроі.
11 сакавіка. Магілёў. Саша Мінько
Як стала вядома праваабаронцам «Магілёўскай Вясны», слых аб рэзкім скоку захворванняў прастудай стаў распаўсюджвацца сярод сваякоў вязняў шклоўскай калоніі №17. Нібыта, за адну ноч адразу ў 29 чалавек тэмпература павысілася да 39 градусаў.
Афіцыйнага пацвердзіць гэтую інфармацыю не ўдалося. Дзяжурны ПК-17 з гэтым пытаннем нервова адправіў нашага журналіста ў спецаддзел. А супрацоўніца спецаддзела запэўніла, што калонія працуе ў звычайным рэжыме, і аб каранцінных мерах «у спэцаддзеле нічога не ведаюць».
Аднак вядома, што грамадзяне, якія збіраюцца на кароткатэрміновыя і працяглыя спатканні, ужо папярэджаныя, што калі тэмпература іх цела будзе вышэй 37 градусаў, то іх на тэрыторыю калоніі не дапусцяць.
У бабруйскай калоніі №2 нават вывешана папярэджанне аб тым, што грамадзяне, якія прыбылі на кароткатэрміновыя спатканні з прыкметамі ВРВІ, а таксама якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь менш за 14 дзён пасля наведвання іншых дзяржаў з неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай, часова на спатканні не дапускаюцца. Вось гэта аб’ява:
Верагодна, падобныя аб’явы з’явіліся ва ўсіх беларускіх папраўчых установах. І гэтыя меры засцярогі выглядаюць цалкам абгрунтаванымі. Бацькі баяцца поўнага каранціну ва ўсіх папраўчых калоніях. Але пакуль што ўсе гэтыя чуткі апынуліся няпраўдай.
Тым часам, сваякі асуджаных, якія адбываюць тэрмін у магілёўскай ПК-15, заклікаюць падпісваць на сайце «Зручны горад» адмыслова створаную петыцыю # 3607 «Аб спрашчэнні забеспячэння лекавымі сродкамі асоб, якія адбываюць пакаранне, у перыяд падвышанай рызыкі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі».
Улічваючы, што да гэтага часу лекі ад каранавіруса не распрацаваныя, а лячэнне праводзіцца такое ж, як пры сімптаматыцы ВРВІ, сваякі асуджаных просяць начальніка ДВП МУС і міністра аховы здароўя спрасціць працэдуру перадачы лекаў і зацвердзіць у спецпераліку супрацьвірусныя прэпараты; гарачкапаніжальныя, болесуцішальныя і супрацьзапаленчыя сродкі; сродкі ад кашлю, атыту і катару; вітамінныя комплексы.
Падпісаць петыцыю можна тут.