18 лютага ў грамадскім цэнтры «Кола» праваабаронцы «Магілёўскай вясны» распавялі, якія правы і абавязкі ёсць у тых, каго прызываюць у войска.

18 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Лекцыю чыталі праваабаронцы Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў.Яны распавялі, на якіх этапах часцей за ўсё адбываюцца парушэнні правоў маладых людзей у ваенкаматах, а таксама на што трэба звяртаць увагу пры зносінах з медыцынскай камісіяй і вайскоўцамі.

– Хлопцы часцяком юрыдычна непісьменныя і не ўяўляюць, якія правы яны маюць у ваенным камісарыяце. Магілёўскае аддзяленне «Вясны» вырашыла выправіць гэтую сітуацыю, – падзяліліся арганізатары.

Праваабаронцы падрабязна спыніліся на тым, як павінна быць аформлена позва, якія правы ёсць у юнакоў пры праходжанні медыцынскага абследавання, а таксама што рабіць, калі прызыўнік не згодны з рашэннем прызыўной камісіі.

На лекцыю прыйшло каля дзясятка чалавек. Па словах арганізатараў, яны не выключаюць правядзенне яшчэ аднаго такога мерапрыемства ў найбліжэйшай будучыні.