Аляксей Колчын і Барыс Бухель папрасілі аблвыканкам адмяніць неабходнасць заключаць дамовы з міліцыяй, «хуткай» і камунальнікамі пры правядзенні мірнага сходу.

21 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Раней падобную просьбу яны накіроўвалі ў гарвыканкам, аднак атрымалі там адмову. На думку Колчына і Бухеля, гарадскія ўлады ігнаруюць, што рашэнне гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах можна сфармуляваць і без ўскладання на арганізатараў абавязкаў па заключэнню дамоваў з міліцыяй, медыцынскімі ўстановамі і камунальнымі службамі.

– Гэта пацвярджаецца рашэннямі выканкамаў ў іншых гарадах. Напрыклад, у Баранавічах і ў Гродне патрабаванні аб заключэнні дамоваў ўлады не патрабуюць, – пракаментаваў зварот у аблвыканкам Барыс Бухель.

Даведка: Рашэннем Магілёўскага гарвыканкама №25-19 ад 19.12.2007 года “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве» прынята, што заяўнік сходу, перш, чым падаваць заяўку на правядзенне сходу, павінен заключыць дамову з аддзелам унутраных спраў, каб тыя забяспечылі ахову, з цэнтральнай паліклінікай, каб дзяжурыла машына «хуткай дапамогі» і камунальнікамі, каб тыя прыбралі тэрыторыю, калі ўсё скончыцца. Таксама гэтым рашэннем было вызначана толькі адно месца, дзе можна праводзіць недзяржаўныя масавыя мерапрыемствы – пляцоўка каля дома №64 па вул. Чалюскінцаў (стадыён побач з ДК «ЗІВ»).

Праваабаронца адзначыў, што ў апошні час магілёўцы ўсё часцей спрабуюць скарыстацца правам на мірныя сходы.

– Аднак мясцовыя ўлады ўвесь час адмаўляюць гараджанам, спасылаючыся на тыя самыя славутыя дамовы, – заявіў Бухель.

Паводле яго слоў, аблвыканкам павінен будзе ўлічыць той факт, што нават у законе «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» няма ні абавязковага патрабавання аб заключэнні дамоваў, ні таго, што яны павінны заключацца папярэдне. Акрамя таго, рашэнне гарвыканкама супярэчыць  Пастанове Савета Міністраў №207.

– Наша асноўнае патрабаванне – каб мясцовы нарматыўны акт быў прыведзены ў адпаведнасць з гэтай пастановай. Не кажучы ўжо пра тое, што ён у сённяшнім выглядзе груба парушае палажэнні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, выкананне якога абавязкова па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.