У апошні час зняволены магілёўскай турмы №4 рэгулярна абскарджвае ў судзе спагнанні з боку розных устаноў дэпартамента выканання пакаранняў. 14 лістапада супраць яго распачалі крымінальную справу.
27 лістапада. Магілёў. Праваабарончы цэнтр “Вясна” – spring96.org
Магілёўскі міжраённы Следчы Камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» па заяве адміністрацыі магілёўскай турмы №4.
Падставай для распачынання крымінальнай справы сталі дысцыплінарныя спагнанні, раней накладзеныя на Андрэя Бандарэнка. Праваабаронца абскардзіў некаторыя з іх у судзе.
Нагадаем, што ў кастрычніку і лістападзе mspring.online паведамляў пра працэсы, датычна скаргаў Бандарэнкі. У першым выпадку ён абскардзіў спагнанне за тое, што не пайшоў на абед з іншымі зняволеннымі. У другім выпадку праваабаронца не пагадзіўся з абвінавачваннем у тым, што ён у недазволены час ляжаў у камеры на ложку.
У абодвух выпадках суд Ленінскага раёна прызнаў, што Андрэй Бандарэнка і яго адвакат Вадзім Мушынскі страцілі час для падачы скаргаў і адмовіў у іх задавальненні. 30 лістапада адбудзецца разгляд касацыйных скаргаў у Магілёўскім абласным судзе.
Вядома, што праваабаронца адмовіўся даваць паказанні па заведзенай крымінальнай справе, а таксама адмовіўся ад паслуг дзяжурнага адваката. Абараняць яго інтарэсы будзе па-ранейшаму Вадзім Мушынскі.
Бандарэнка павінен быў вызваліцца праз чатыры месяцы – 31 сакавіка 2017 года.