Магілёўскія сябры незалежнага прафсаюзу радыё-электроннай прамысловасці маюць намер правесці акцыі салідарнасці з калегамі, якія трапілі пад крымінальны пераслед з боку беларускіх уладаў.

9 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Актывісты прафсаюза РЭП з Магілёва Аляксей Яўгенаў і Аляксандр Хамратаў падалі заяўкі на правядзенне двух пікетаў 24 жніўня. Адну акцыю плануецца правесці на былым стадыёне «Хімік» па вул. Чалюскінцаў, другую – на пляцоўцы каля дыягнастычнага цэнтра. Пры гэтым дазволеным месцам для падобных мерапрыемстваў у Магілёве з’яўляецца толькі былы стадыён “Хімік”. Заяўнікі ўказалі, што гатовыя аплаціць паслугі службаў, неабходных для правядзення масавых мерапрыемстваў на працягу дзесяці дзён пасля іх.

Акцыі запланаваныя на 16 гадзін дня. На кожнай з іх чакаецца каля дзясятка чалавек – у асноўным прафсаюзных актывістаў.

Нагадаем, што 2 жніўня кіраўніка незалежнага прафсаюзу радыё-электроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча, былую рэдактарку сайта praca-by.info Наталлю Пічужкіну і галоўнага бухгалтара РЭП Ігара Комліка затрымала міліцыя. Пасля допыту Пічужкіну і Фядыніча адпусцілі, Комлік застаўся пад арыштам. У мінскім офісе РЭП, а таксама ў дамах затрыманых прайшлі ператрусы, была вынятая кампутарная тэхніка і дакументацыя. У дачыненні да ўсіх траіх распачалі крымінальную справу па факце нявыплаты падаткаў.

Праваабаронцы Беларусі прызналі, што пераслед сябраў РЭП з’яўляецца палітычна матываваным.