Пра гэта паведаміў кіраўнік АГП па Магілёўскай вобласці Уладзімір Шанцаў.

22 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі

Вольга Петрашова стала другім дэпутатам, якому былі перададзеныя подпісы магілёўцаў у падтрымку адмены Дэкрэта №3, які рэгулюе збор сродкаў за сацыяльнае ўтрыманства.

– Сёння подпісы з патрабаваннем адмяніць Закон аб «дармаедах» перададзены наступнаму магілёўскаму «дэпутату» – Петрашовай В.У. Якія ўражанні ад збору подпісаў?

Першае. Я асабіста ўжо сабраў каля 200 подпісаў. Збіраю на вуліцы, на рынках, абыходжу кватэры. І ніхто, паўтараю, НІХТО не ведае свайго дэпутата! А, здавалася б, выбары толькі скончыліся, і ўспаміны павінны быць свежымі. Але няма ніякіх успамінаў! Якія выбары, такія і ўспаміны ….

І яшчэ – практычна ні водны не быў супраць. Ёсць тыя, хто баяцца, і гэта відаць. Але ў пераважнай большасці меркаванне адназначнае – цалкам дзікі, варварскі Закон!
Збор подпісаў у Магілёве працягваецца.
Хутка перадамо подпісы яшчэ тром магілёўскім прызначэнцам, – напісаў Уладзімір Шанцаў на сваёй старонцы ў facebook.

Нагадаем, што Вольга Петрашова была прызнана пераможцам парламенцкіх выбараў па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86. Раней яна займала пасаду намесніка старшыні Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў.

Да яе подпісы супраць падатку на дармаедства былі перададзеныя дэпутату па Магілёўскай-Ленінскай акрузе №84 Ігару Марзалюку.