Успамінаем мясцовыя кампаніі па збору подпісаў у Інтэрнэце за апошні год, пры дапамозе якіх людзі імкнуліся зрабіць горад лепш.

31 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Магілёў змяняецца тады, калі гэта трэба людзям у саветах дэпутатаў і гарадскім уладам. Часам Магілёву шансуе і пра змены пытаюцца ў магілёўцаў (адбываецца гэта часцей за ўсё ў выглядзе грамадскіх абмеркаванняў). Вынік іх можа быць розным, але часцей за ўсё ён супадае з першапачатковай мэтай мясцовых уладаў.

Зрабіць горад трохі лепш можна зрабіць пры дапамозе збору подпісаў і петыцый. Калі ў 90-я на гэта патрэбна было выдаткаваць некалькі тыдняў, то зараз дастаткова зарэгістраваць адпаведны зварот да ўладаў на спецыяльных сайтах і пачакаць, пакуль людзі падпішуцца пад імі са сваіх гаджэтаў.

Мы вырашылі ўспомніць, як за апошні год жыхары горада спрабавалі ўмяшацца ў гарадскую прастору і дамагчыся свайго пры дапамозе электронных петыцый на petitions.by.

Спроба даць дом коцікам і коткам, петыцыя №511

Колькасць подпісаў: 7

Аўтары петыцыі паскардзіліся ўладам на тое, што “Магілёў з’яўляецца адзіным абласным цэнтрам у Беларусі, дзе няма прытулку для катоў і котак”. У 2016 годзе актывісты ТАА «Надзея» нават знайшлі патрэбнае памяшканне, якое належала Магілёўскаму філіялу Беларускай чыгункі. БЧ дало папярэднюю згоду на арэнду плошчы, аднак праз месяц раптам уключыла заднюю і адмовіла заабаронцам.

БЧ адказала падпісантам, што згаданае памяшканне не адпавядае санітарным нормам, паколькі там няма каналізацыі, ацяплення і вады.

Барацьба за рамонт магілёўскай радзільні, петыцыя №271

Колькасць подпісаў: 142

Магіляўчанкі заклапаціліся ўмовамі знаходжання ў мясцовай радзільні восенню 2016 года. Па іх словах, ва ўстанове“не хапае месцаў, у палаце тэмпература паветра зімой вышэй чым трэба, ложкаў больш чым трэба на метр квадратны. Мамы знаходзяцца ў спартанскіх умовах, цяжарныя, якія паступілі ў аддзяленне паталогіі на позніх тэрмінах з пагрозамі заўчасных родаў, спяць на калідорах“.Зварот накіравалі ў Міністэрства аховы здароўя.

Адказала ім былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, а на той момант – кіраўнік Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі Алена Шамаль. Як заўважыла чыноўніца, у частцы плошчаў радзільні ужо вядзецца рэканструкцыя, праводзяцца бягучыя рамонтныя працы ўнутранага аздаблення. Пры гэтым ва ўстанове праводзілася анкетаванне і па яго выніках скаргаў пацыентак выяўлена не было.

Бітва за Падмiколле, петыцыя №156

Колькасць подпісаў: 28

Распрацоўка гарадскога парку ў свой час выклікала разлютаваныя спрэчкі адразу некалькіх бакоў. Улады хацелі зрабіць фестывальную пляцоўку і праводзіць канцэрты, прадстаўнікі праваслаўнай канфесіі ўсупрацівіліся і запатрабавалі пакінуць усё, як ёсць, таму што побач храм, а эколагі прапанавалі разбіць батанічны сад.

“На сённяшні дзень не існуе адзінага і суцэльнага праекта гарадскога парку. Ёсць толькі асобныя праектныя рашэнні некаторых участкаў. Мы хочам, каб на Падмiколлi былі арганізаваны зялёныя зоны, характэрныя для ландшафтных дэндрапаркаў і батанічных садоў, пракладзены экалагічныя сцежкі“, – пазначылі ў петыцыі аўтары.

Базай для батанічнага саду, на думку зборшчыкаў подпісаў, магла б стаць аграбiялагiчная станцыя МДУ ім. А. А. Куляшова.

Зварот быў накіраваны ў гарвыканкам і Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя.

Улады адказалі, што ўсё ўжо распланавана, а магчымасць распрацоўкі батанічнага саду будзе толькі пры ўмове наяўнасці грашовых сродкаў.

Праверка струннай дарогі, петыцыя №748

Колькасць подпісаў: 184

Увесну гэтага года СМІ паведамілі пра планы ўладаў будаўніцтва ў 2019 годзе струннай дарогі, якая звязала б цэнтр горада і Задняпроўе. Праект Sky Way належыць бізнэсоўцу Анатолю Юнiцкаму з не самай чыстай рэпутацыяй, што і заклапаціла аўтараў петыцыі.

Згодна з іх дадзенымі, якія яны атрымалі з адкрытых крыніц, Юнiцкi фігураваў у крымінальнай справе па факту махлярства ў Літве, а таксама атрымаў негатыўныя водгукі ў расійскай прэсе.

На думку падпісантаў, праект струннай дарогі Sky Way можа быць вялікай прафанацыяй, якая можа ўдарыць па кішэнях магілёўцаў – грошы на надземны від транспарту плануецца збіраць пры дапамозе “народнага фінансавання”. Падпісанты папрасілі КДК праверыць схему на наяўнасць прыкмет махлярства.

Адказу з боку ўладаў пакуль не было.

Стварэнне агульнагарадскога парку, петыцыя №774

Колькасць подпісаў: 155

Стаічныя спробы эколагаў выратаваць Пячэрскі лесапарк ад ператварэння ў забаўляльную зону з паркінгамі і аквапаркам не сканчваюцца электроннымі петыцыямі – яны ўвесь час праводзяць фотаэкскурсіі, збіраюць подпісы ў рэальным жыцці і выступаюць на дыскусіях. Электронны зварот да ўладаў з просьбай замацаваць гарадскі парк на былой тэрыторыі Магілёўзеленбуда – гэта толькі частка стратэгіі. Усё павінна было скласціся добра: аўтары пазначылі, што для гэтага трэба мінімум грошай, пры гэтым Магілёў застанецца хаця б троху абароненым ад выхлапных газаў.

Усё скончылася празаічна – намеснік старшыні гарвыканкама Сяргей Дзядовіч адказаў, што “на тэрыторыі былога гадавальніка КУП” Магілёўзелянбуд” у адпаведнасці з генпланам прадугледжана размяшчэнне шэрагу спартыўных і культурна-відовішчных аб’ектаў, алей, месцаў адпачынку, шпацырнай і батанічнай зон”.