«Схіліўшы галаву перад роднымі і блізкімі забітай і прымаючы ўсю тую боль, прычыненую дзеяннямі маіх братоў, я ўсё ж прашу Вас праявіць міласэрнасць да іх».

 10 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Ганна Косцева, родная сястра 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Ільі Косцевых, пачала збор подпісаў у Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай не пазбаўляць маладых людзей жыцця.

Нагадаем, 10 красавіка 2019 года Станіслаў і Ілля пасля сумеснага алкагольнага застолля прыйшлі разабрацца з 47-гадовай настаўніцай Наталляй Кастрыцай, якая жыла па суседству. У выніку спрэчкі, браты нанеслі больш за 100 нажавых раненняў, ад якіх жанчына памірала працяглы час.

Па дадзеных следства, у Станіслава і Ільі Косцевых быў канфлікт з Наталляй Кастрыцай з-за сястры. Настаўніца паскардзілася ў міліцыю на тое, што Ганна Косцева не выконвала свае бацькоўскія абавязкі ў адносінах да свайго малалетняга дзіцяці. Сям’ю сястры паставілі на ўлік, як сям’ю, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

10 студзеня суд Магілёўскай вобласці прысудзіў Іллі і Станіславу расстрэл. У дадзены момант яны чакаюць апеляцыі ў Вярхоўным судзе.

Ганна Косцева, у сваю чаргу, вырашыла дапамагчы братам праз грамадскасць. Яна запусціла анлайн-петыцыю на імя Аляксандра Лукашэнкі з просьбай не расстрэльваць яе родных.

– Схіліўшы галаву перад роднымі і блізкімі забітай і прымаючы ўсю тую боль, прычыненую дзеяннямі маіх братоў, я ўсё ж прашу Вас праявіць міласэрнасць да іх. Я разумею, што мае браты здзейснілі непапраўнае – пазбавілі жыцця ні ў чым не вінаватага чалавека і неяк выправіць гэта, вярнуць гэтае адабранае імі жыццё, ўжо нікому не падуладна. Але Вы, Аляксандр Рыгоравіч, маеце ўладу і права захаваць жыццё маім двум братам і не дапусціць, каб яшчэ два чалавекі былі пазбаўленыя самага дарагога, што ў іх ёсць – іх жыцця, – просіць у петыцыі Ганна Косцева.

Жанчына просіць замяніць расстрэл на пажыццёвае зняволенне. Па словах Ганны, страта двух блізкіх людзей будзе для яе непапраўнай:

– Аляксандр Рыгоравіч, прашу Вас як прэзідэнта нашай краіны, як таго, хто любіць сваіх сыноў – пашкадуйце маіх братоў, не пазбаўляйце іх жыцця, дайце ім адзіны і апошні шанец усвядоміць здзейсненае імі, пакаяцца ў зробленым, а мне магчымасць хаця б зрэдку бачыцца з імі, з жывымі.

Косцева апраўдвае дзеянні братоў складаным становішчам ў іх сям’і. Як сцвярджае жанчына, яна, Стас і Ілля былі вымушаныя занадта рана пасталець, раслі практычна без бацькоў, часта цярпелі галечу і пазбаўленні.

– Іллю і Станіслава надоўга разлучалі з сям’ёй і яны, на жаль, не атрымалі належнай адукацыі, любові і цяпла, – заявіла жанчына.

Петыцыю ўжо падтрымаў праваабарончы цэнтр “Вясна”. Праваабаронцы звярнуліся з просьбай да грамадзян Беларусі падпісаць зварот Косцевай.

На дадзены момант пад петыцыяй сабрана больш за сотню подпісаў.