А яшчэ яму далі дзьве базавыя за пераход праезнай часткі ў неналежным месцы, хоць сам ён ішоў па тратуары – па яго словах.
26 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі. На фота – 26 сакавіка/Супрацоўнікі міліцыі выводзяць Станіслава Паўлінковіча са службовай машыны на пасяджэнне ў суд Ленінскага раёна
У панядзелак, 26 сакавіка, у судзе Ленінскага раёна адбылося першае паседжанне па адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні сябра аргкамітэта БСДП (Народнаяграмада) Станіслава Паўлінковіча. Журналісты і праваабаронцы чакалі, што працэс адбудзецца ў першай палове дня, аднак актывіста даставілі толькі пасля абеду.
Паўлінковіч адразу хадайнічаў, каб яму далі час на пошук адваката. Суддзя Алена Літвінава задаволіла хадайніцтва і перанесла пасяджэнне на 2 красавіка.
Пасля выхаду з залы суда актывіст распавёў пра падрабязнасці сваёй справы:
– Каля гадзіны дня 24 сакавіка я выйшаў у краму «Гарадок», гэта на вуліцы Якубоўскага. Дайсці я не змог – з-за кута неспадзявана выйшлі двое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Яны не прадставіліся, хоць я і прасіў. Сказалі мне, што, нібыта, я падобны на чалавека ў вышуку. Адвялі мяне да машыны, у якой было яшчэ некалькі чалавек – супрацоўнікаў АМАП. Мяне адвезлі ў Ленінскі РАУС. Там адзін з АМАПаўцаў пачаў пытацца, навошта я ўдзельнічаю ў акцыях, чым я займаюся. Прагаварыўся, што затрымалі мяне, каб я не патрапіў на шэсце ў Мінску 25 сакавіка. У выніку на мяне склалі пратакол па артыкуле 18.23 КаАП – за тое, што я ў неналежным месцы перайшоў дарогу. Хоць я рухаўся толькі па тратуары, – паведаміў Паўлінковіч пасля суда.
Паводле яго слоў, яму не далі звязацца з роднымі.
– Супрацоўнікі міліцыі матывавалі гэта тым, што «мы не ў ЗША», – іранічна заўважыў актывіст.
Ён сцвярджае, што іншы супрацоўнік АМАП у цывільным заявіў аб тым, што апазыцыю «прасцей расстраляць, як НКУС – ім было б меней клопату».
З РАУС Станіслава Паўлінковіча вывезлі ў ізалятар часовага ўтрымання каля трох уначы. Перад гэтым актывіст даведаўся, што на яго завялі яшчэ адну адміністрацыйную справу, пра якую ён нават не падазраваў.
– Напісалі, што я, аказваецца, аказаў непадпарадкаванне міліцыі. Аформілі пратакол па артыкуле 23.4 КаАП. Прычым складалі яго без мяне, я нават з ім не азнаямліваўся. Усё гэта лухта – я адразу прайшоў з міліцыянтамі, як толькі мяне затрымалі. Гэты пратакол стаў асновай для сённяшняга суда.
Яшчэ перад судом да актывіста ў ІЧУ прыехалі супрацоўнікі ДАІ, якія аштрафавалі яго на дзьве базавыя велічыні за парушэнне ПДР. Ён мае намер абскардзіць штраф.
Актывіст Станіслаў Паўлінковіча збіраўся ўзяць удзел у шэсці Мікалая Статкевіча ў Мінск, аднак да месца ён не дабраўся. На працягу ўсяго 25 сакавіка сувязі з актывістам не было. Яго бацькі толькі напрыканцы дня даведаліся, што Станіслаў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама.