Далей – паўфінал.
13 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі
Магілёвец Сяргей Пехцераў разам са сваім праектам Pavetra стаў бліжэй да перамогі на нацыянальным конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend.
Дзякуючы платформе pavetra.online жыхары горада змогуць даведацца пра змест дробных часцінак у паветры. Паказчыкі з адмысловых датчыкаў здымаюцца раз на 20 хвілін і абнаўляюцца на інтэрактыўнай анлайн-мапе. Яна ўжо працуе ў тэставым рэжыме па адрасе pavetra.online. Сабраныя дадзеныя будуць у адкрытым доступе і кожны зможа іх прааналізаваць. Гэта ідэя атрымала ўхвалу экспертаў, што вывела Пехцерава ў 1\4 фінала спаборніцтва.
Калі магілёвец дойдзе да фіналу, то ён зможа атрымаць грошы на развіццё праекта – усталёўку датчыкаў ва ўсіх абласных цэнтрах. Аднак нават калі Пехцераў не выйграе, то ў Магілёве праект будзе працаваць.
Пакуль атрымваецца добра – нягледзячы на тое, што па выніках народнага галасавання Pavetra апынуўся па-за першай дваццаткай, экспертны адбор вывеў праект магілёўца ў ¼ фінала.
На гэтай стадыі засталося ўсяго 50 праектаў з усёй краіны. Цяпер удзельнікаў чакае навучанне для лепшай падрыхтоўкі і прэзентацыі сваіх ідэй. 20 красавіка адбудзецца экспертны адбор у ½ фінала. Фінал пройдзе 16 траўня.