Прасочваем дэградацыю райцэнтра на прыкладзе гурткоў, якія дзяржава закрыла з–за апазыцыйнасьці настаўніка.
21 студзеня. Магілёў-Чэрыкаў. Усе скарыстаныя фота ўзятыя з асабістага архіва Сямёна Панізоўцава, які знаходзіцца ў адкрытым доступе
У 2006 годзе з Чэрыкаўскага Дома піянераў выгналі кіраўніка авіямадэльнага і фота-гуртка, спецыяліста вышэйшай катэгорыі Сямёна Панізоўцава. Прычына – кіраўніцтва раённай ячэйкай апазіцыйнай партыі БНФ. Дому піянераў гэты фанатычна адданы працы чалавек аддаў 45 гадоў. Але пятнаццаць гадоў таму такія мястэчкі, як Чэрыкаў, былі цалкам зачышчаны ад «неблаганадзейных элементаў». Апальныя апазіцыянеры сталі маргінальнай групай, ад якой усе шугаліся.
Перад тым, як працягнуць гэты аповед, трэба ўспомніць яшчэ адзін гучны інцыдэнт.
У снежні 2017 года ў Магілёўскай дзяржаўнай спецыяльнай прафтэхвучэльні закрытага тыпу №2 дрэваапрацоўкі (МДСПТВ №2) збілі дзяцей за пабег.
Высветлілася, што ў аднаго з хлопцаў пашкоджаны хрыбетнік, і ён трапіў у бальніцу. Юнака клікалі Андрэй Шупішаў, і ён таксама быў з Чэрыкава.
У спецвучэльні падлетак трапіў стандартна: за дробны крадзеж з аўтамабіля суд прызначыў яму рэжым абмежавання вольнага часу. А парушэнні гэтага рэжыму прывялі да таго, што ён апынуўся ў МДСПТВ №2.
Гэтая ўстанова закрытага тыпу створана «для вырашэння задач сацыяльнай рэабілітацыі, карэкцыі і ўтрымання падлеткаў, якія здзейснілі грамадска небяспечныя ўчынкі». У вучылішчы накіроўваюцца хлопчыкі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, на тэрмін да 2 гадоў.
Такім чынам, роўна дзесяць гадоў спатрэбілася Чэрыкаву, каб ад кузні тэхнічных кадраў для авіяцыі дэградаваць да стану бесперспектыўнай правінцыі. Андрэй Шупішаў, як і асуджаныя да смерці Стас і Ілля Косцевы, верагодна, маглі б стаць лётчыкамі, скончыць верталётнае вучылішча або працаваць у аэрапорце. Для гэтага трэба было толькі проста патрапіць у гурток Панізоўцава. Калі б яны жылі ў СССР у 70-я ці 80-я гады, можа так бы і адбылося. На наступным фота курсанты ваенных вучэльняў прыйшлі наведаць родны чэрыкаўскі Дом піянераў:
Тады гэта была добрая традыцыя – наведваць гурток, каб паказаць прыклад хлопцам, якія ўжо тады не ўсе былі з шчаслівых сем’яў. Сёння гэта людзі, на пагонах у якіх вялікія зоркі. Нячаста прыязджаючы ў Чэрыкаў, яны перш за ўсё ідуць не да сваякоў, а да чалавека, які іх, па сутнасці, выратаваў ад лёсу Андрэя Шупішава.
Людзі дарослыя гэта выдатна разумеюць.
Чэрыкаў быў унікальным горадам. Усяго восем тысяч насельніцтва, а школьнікі бяруць першыя месцы на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах на авіямадэлях з рухавікамі ўнутранага згарання.
Чэрыкаў быў месцам, дзе дзеці ўручную рабілі самалёты, якія зараз модна называць беспілотнікамі. Адпаведна, гэта патрабавала высокай тэхнічнай падрыхтоўкі, і мясцовы Дом піянераў такую падрыхтоўку даваў. Сотні выхаванцаў гуртка сталі афіцэрамі, тысячы атрымалі пасля вышэйшую і сярэднюю тэхнічную адукацыю.
Але ўсё скончылася, калі ў інтэрнэце сталі з’яўляцца вось такія фатаграфіі: Сямён Панізоўцаў замест таго, каб прысягнуць сённяшняй уладзе, стаў паплечнікам «ўсякіх Мілінкевічаў і Міхалевічаў»:
Пасля звальнення Панізоўцава, авіямадэльны гурток зачынілі. Усё пачалося з поскудзяў: аднойчы кіраўнік гуртка прыйшоў на кардадром, пабудаваны яшчэ ў савецкі час (так называецца аэрадром для авіямадэлей з рухавікамі ўнутранага згарання), а металічнай сеткі ўжо няма. Пазней, кажуць, яе бачылі ў кагосьці на плоце. Педагог стаў задаваць пытанні, а яму прыгадалі апазіцыйныя настроі.
Усе мадэлі падлягалі ўтылізацыі ў смеццевы бак. Што мог, Сямён Панізоўцаў перанёс да сябе дадому. Туды ж сталі прыходзіць і яго падапечныя. Аказалася, што ў Доме піянераў больш няма чаго рабіць.
На той момант ужо пенсіянер, Сямён Панізоўцаў уладкаваў майстэрню ў падвале сваёй пяціпавярхоўкі і вёў заняткі фактычна падпольна, каб давесці да спаборніцтваў апошнюю групу авіямадэлістаў. Адзін з іх, хлопец з вёскі, сёння заканчвае ваенную акадэмію, будзе аператарам беспілотніка. Вось так стала выглядаць кватэра пенсіянера, які сваё жыццё прысвяціў чужым дзецям:
Майстэрня праіснавала да 2014 года. Трэніравацца і адчуваць самалёты без кардадрома прыходзілася ў полі за горадам. Трэба аддаць належнае, арганізатары чэмпіянатаў Беларусі, нават ведаючы, што педагог у няміласці, усё роўна запрашалі яго да ўдзелу, хоць да Дома піянераў ён ужо не меў ніякага дачынення. І яго выхаванцы зноў бралі прызы.
Гэтая тэма ў Чэрыкаве закрыта назаўсёды. Тут больш не будзе тэхнічных спецыялістаў такога класа. Калі чытаеш маналог сястры асуджаных на смерць, ловіш сябе на думцы, што яе жыццё – гэта зараз толькі фон існавання ў правінцыі.
Усе, хто штосьці ўмеў і ведаў сабе кошт, выкінутыя на абочыну жыцця. Цэніцца страх і прыстасаванства, і дзеці гэта бачаць. Сёння дзіцячыя спецыялісты здольныя на цкаваньне слабых. Калі верыць словам Ганны, менавіта гэтым загінулая суседка Косцевых і займалася.
Ці мог быць іншы лёс у Андрэя Шупішава альбо братоў Косцевых ў цяперашняй Беларусі? Ці ідуць іх ступнямі яшчэ падлеткі ў Чэрыкаве? Не, усё заканамерна, гвалт і крымінальныя прысуды будуць яшчэ.
Пяць гадоў назад пра Сямёна Панізоўцава здымалі фільм. Мясцовыя жыхары ахвотна дзяліліся ўражаннямі пра геній гэтага педагога, але толькі ў кулуарах. На камеру сказаць добрае слова не забаяліся адзінкі.
Тады аўтар гэтых радкоў спытаў у жанчыны пры пасадзе, ці не ператворыцца Чэрыкаў без такіх, як Панізоўцаў, у адсталую страшную правінцыйную дзірку. Тая адказала ў стылі «святое месца пуста не бывае, незаменных няма» і «быў гэты, стане той». Яна памылілася.
Аляксандр Буракоў