Дзяржпагранкамітэт і дзяржаўны мытны камітэт адрэагавалі на петыцыю магілёўца Антона Касцова.

29 снежня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Першы намеснік старшыні Дзяржпагранкамітэта Ігар Буткевіч паведаміў, што абстаноўка на межах з Расійскай Федэрацыяй дазваляе органам памежнай службы выконваць задачы без увядзення дадатковых мер па ўзмацненні аховы. А калі дадатковы кантроль і спатрэбіцца, то ажыццяўляць яго будуць сумесна з расійскімі памежнікамі:

– Згодна з артыкулам 1 Пагаднення аб супрацоўніцтве па пагранічных пытаннях, у выпадку ўзнікнення неабходнасці арганізацыі аховы дзяржаўнай мяжы паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй, бакі будуць ажыццяўляць меры сумеснымі намаганнямі, забяспечваючы ўзаемныя інтарэсы, – паведаміў у адказе Буткевіч.

Дзяржаўны мытны камітэт таксама не бачыць патрэбы ў дадатковым кантролі на ўсходнім кірунку.

– Адсутнасць мытнай мяжы паміж Беларуссю і Расіяй не азначае бескантрольнасць ўвозу розных катэгорый тавараў. Кантроль ажыццяўляецца на асноўных аўтадарогах унутры тэрыторыі з дапамогай правядзення спецыяльных мерапрыемстваў мабільнымі групамі, якія складаюцца са службовых асоб мытных органаў з прыцягненнем супрацоўнікаў іншых праваахоўных і кантралюючых рэспубліканскіх органаў. Мяркуем, што існуючая арганізацыя работы мытных органаў Рэспублікі Беларусь забяспечвае абарону эканамічнай бяспекі краіны ў дастатковай меры, – заявіў у лісце намеснік старшыні дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Багдзевіч.

Такім чынам, улады адмовіліся ўводзіць дадатковы кантроль на мяжы з Расіяй. Нагадаем, што раней больш за 500 беларусаў падпісаліся пад петыцыяй магілёўца Антона Касцова, які патрабаваў узмацніць памежны і мытны кантроль з РФ.

– Паводле дадзеных МУС РБ, больш за 60% кантрабанднага тавару экспартуецца менавіта з Расійскай Федэрацыі. Ценявы рынак няякаснага алкаголю ( “смаленай” гарэлкі) з Расіі складае ў сярэднім каля 200 мільёнаў даляраў ЗША штогод у грашовым эквіваленце. Найбольш небяспечным з’яўляецца бясконцы паток нелегальных наркатычных і псіхатропных рэчываў з суседняй краіны. Нярэдкія выпадкі пранікнення на нашу тэрыторыю з боку ўсходняга суседа сутэнёраў і многіх іншых злачынных элементаў. Усё гэта пагражае жыццю і здароўю нашых грамадзян і падрывае грамадскі парадак, – пісаў у петыцыі Касцоў.