Умяшаўся дэпартамент выканання пакаранняў.

1 сакавіка. Магілёў. Алесь Святлицкі. Фота – spring96.org


Напачатку лютага група грамадзян накіравала ў грамадскую камісію пры галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама зварот з просьбай праверыць, у якіх умовах утрымліваецца Зміцер Паліенка, які мае статус палітвязня. У прыватнасці, заяўнікаў турбаваў той факт, што да зняволенага, які адбывае тэрмін у папраўчай калоніі №2 горада Бабруйска, не даходзіць пошта.

Раней з’яўлялася інфармацыя, што Паліенку рэгулярна даюць дысцыплінарныя спагнанні, у выніку якіх ён аказваецца ў штрафным ізалятары ПК №2.

Праваабаронца Барыс Бухель, які ўваходзіць у склад камісіі, распавёў, што сустрэцца з Паліенкам так і не ўдалося.

– ГНК наведала калонію 21 лютага. Аднак высветлілася, што з Паліенкам сустрэцца не атрымаецца, паколькі ў звароце, якое падрыхтавала ўпраўленне юстыцыі Магаблвыканкама ў адміністрацыю ПК, не было сказана канкрэтна пра неабходнасць асабістай сустрэчы з Дзмітрыем. Пазней высветлілася, што падчас падрыхтоўкі дакумента ва ўпраўленне юстыцыі звярнуўся адзін з супрацоўнікаў упраўлення ДВП па Магілёўскай вобласці, які спаслаўся на заканадаўчы аспект, згодна з якім мы не маем права на асабістае інтэрв’ю. Падчас наведвання калоніі Паліенка быў на прамзоне, так што ўбачыцца не ўдалося, – распавёў праваабаронца.

Камісіі правялі аглядную экскурсію па тэрыторыі калоніі. Адміністрацыя пахвалілася інфраструктурай: згодна з прадстаўленай карцінай, зняволеныя могуць атрымліваць вышэйшую адукацыю, займацца ў трэнажорнай зале, атрымліваць своечасовую медыцынскую дапамогу. Адзіную праблему, якое кіраўніцтва калоніі прызнала, – гэта перанаселенасць.

– Па словах начальніка, у ВК №2 змяшчаецца на 25% больш людзей, чым павінна быць. Таксама адзін са зняволеных распавёў пра праблему з сушкай бялізны, – падзяліўся Бухель.

Што тычыцца праблемы з дастаўкай пошты Паліенку, то цэнзары ПК №2 адмовіліся прызнаваць, што яны не прапускаюць допіс.

– Галоўнае пытанне – Зміцер не атрымаў вялікую колькасць паштовак, калі верыць першапачатковаму звароту. На гэта цэнзары калоніі заявілі, што яны не могуць кантраляваць не заказныя лісты. Нібыта, яны нічога і не атрымлівалі, – распавёў праваабаронца.

Бухель згодны, што адміністрацыя “падфарбавала” побыт зняволеных калоніі, але канчатковых ацэнак пакуль асцярагаецца:

– У хуткім часе мы павінны наведаць горацкую калонію, у якой утрымліваецца палітвязень Міхаіл Жамчужны. Гэта будзе лакмусавай паперкай для мясцовай сістэмы грамадскіх назіральных камісій.

Даведацца больш пра Дзмітрыя Паліенку можна па гэтай спасылцы.