24 кастрычніка сканчаецца яго тэрмін зняволення.

19 кастрычніка. Бабруйск. Алесь Святліцкі. Фота – spring96.org


Прызнаны праваабарончай арганізацыяй Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка вызваліцца з бабруйскай папраўчай калоніі №2 24 кастрычніка. Дакладнага часу яго выхаду пакуль няма.

Ёсць верагоднасць, што сілавікі паспрабуюць выпусціць Паліенку незаўважна для СМІ, праваабаронцаў і таварышаў, якія прыйдуць яго сустрэць.

У 2016 годзе суд Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаў Дзмітрыя Паліенку вінаватым у «гвалце альбо пагрозе гвалтам ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў», у адпаведнасці з артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Абвінавачванні звязаныя з велапрабегам, які адбыўся ў Мінску 29 красавіка 2016 года з мэтай мірнага пратэсту супраць абмежаванняў правоў раварыстаў.

Незадоўга да суда яму было прад’яўлена дадатковае абвінавачанне ў «вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару» ў адпаведнасці з артыкулам 343, часткай 2, Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Дзмітрый Паліенка быў прызнаны вінаватым па абодвух артыкулах і быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады.

7 красавіка 2017 года суд Заводскага раёна г. Мінска адмяніў адтэрміноўку прысуду на два гады, які ў выніку ўступіў у сілу. Улічваючы час, які Дзмітрый Паліенка ужо правёў у зняволенні, ён павінен быў адбыць у зняволенні 18 месяцаў і тры дні.

Amnesty International прызнала, што Дзмітрый Паліенка стаў ахвярай пераследу з боку ўладаў з-за яго мірнай дзейнасці і, такім чынам, з’яўляецца вязнем сумлення. Amnesty International заклікала беларускія ўлады вызваліць палітвязня.

У сакавіку гэтага года кіраўніцтва бабруйскай ВК №2 не дало магчымасці грамадскай назіральнай камісіі, у склад якой уваходзіць праваабаронца Барыс Бухель, сустрэцца з палітвязнем.